Эўрапарлямэнт 13 верасьня прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», у якой заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Гэтая рэзалюцыя прызнае Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне.
Як вядома, рэзалюцыі Эўрапарлямэнту маюць рэкамэндацыйны характар, але ці можа Міжнародны крымінальны суд прыслухацца да іх? Спыталі пра гэта ў юрыстаў.
«Чым болей падобных заяваў, тым лепш»
«Міжнародны крымінальны суд працуе па сваім Статуце, дзе прапісаныя дакладныя правілы, юрысдыкцыі, хто і як можа ініцыяваць расьсьледаваньні. Там нічога не прапісана, што справы могуць заводзіцца на падставе рэзалюцый Эўрапарлямэнту. Няма там і юрыдычных момантаў кшталту „прыслухацца да Эўрапарлямэнту“. Для суду, па вялікім рахунку, гэтыя рэзалюцыі нічога ня значаць», — кажа экспэртка ў галіне міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзяйкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт ЛукашэнкіСуразмоўца зьвяртае ўвагу, што гэта ня першае міжнароднае прызнаньне датычнасьці Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей. Яшчэ ў красавіку падобную заяву прыняла Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ).
«Цяпер ідзе нарошчваньне заклікаў аўтарытэтных міжнародных органаў. Чым больш іх будзе, тым лепш. Можна сказаць, што на дадзены момант запісваецца „гісторыя рэакцый“. Для Міжнароднага крымінальнага суду проста зараз гэта нічога ня значыць. Але для будучых рашэньняў гэта можа значыць многае, калі ўявіць стварэньне трыбуналу па Беларусі. І тады гэта будзе важна, што такія ацэнкі гучалі. Таксама гэта патрэбна ў тым разрэзе, што трымаецца на парадку дня беларускае пытаньне, трансьлюецца, што ў рэальнасьці робіцца ў краіне», — лічыць спадарыня Дзяйкала.
«Або так, або так»
Іншы вядомы юрыст, які папрасіў застацца ананімным, сказаў Свабодзе, што «суд, які прыслухоўваецца да парлямэнту, — гэта зусім ня суд».
«Але мы жывём у рэальным сьвеце і павінны разумець, што палітычны ўплыў на міжнародныя інстанцыі прысутнічае. Да рэзалюцыі трэба ставіцца як да палітычнага інструмэнту. Пытаньне выдачы ордэру — гэта толькі такая вішанька на торце ў гэтай рэзалюцыі, якая прыцягвае да сябе ўвагу, там жа шмат усяго цікавага», — кажа юрыст.
Кацярына Дзяйкала падкрэсьлівае, што на дадзены момант НАУ перадаў усе неабходныя дакумэнты аб датычнасьці беларускіх уладаў да вывазу з Украіны дзяцей у Міжнародны крымінальны суд, і больш ніяк прысьпешыць падзеі нельга, трэба чакаць ацэнкі пракурора.
«Трэба разумець, што многія дзеяньні аб прыцягваньні Лукашэнкі да адказнасьці — палітычныя. «Трэба нешта рабіць, прасоўваць пазыцыі, зарабляць пункты», — такая лёгіка. Пры гэтым уявім, што на Лукашэнку выдалі ордэр і ён дажыве да гэтага моманту. Гэта будзе азначаць, што новы ўрад будзе вымушаны выдаць яго Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе. І гэта будзе азначаць, што за злачынствы, зробленыя ў Беларусі, ён ня зможа адказаць. Або так, або так. Канечне, Беларусь ня ўдзельніца Статуту, але гэта будзе выглядаць па-ідыёцку, калі мы столькі дамагаліся гэтага ордэру, а потым скажам: «Не, мы самі яго будзем судзіць», — расказвае Кацярына Дзяйкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт супраць Лукашэнкі. Ці зьявіцца ордэр на арышт?
«Абмяжуе магчымасьці Лукашэнкі перасоўвацца»
Ці зьменіцца жыцьцё Лукашэнкі пасьля магчымай выдачы ордэра? Суразмоўцы Свабоды лічаць, што не асабліва. Хіба што давядзецца адмовіцца ад некаторых міжнародных паездак, якіх у кіраўніка Беларусі і так нямнога.
«Мы ж бачым, што Пуцін ужо паехаць нікуды ня можа. Нават туды, куды яго нібыта клічуць. Яму здаецца, што яго ніхто не арыштуе, але ўсё ж пабойваецца. Тое самае будзе і з Лукашэнкам. У нейкай меры гэта абмяжуе магчымасьці Лукашэнкі перасоўвацца. Ён хоча цяпер пасябраваць з Афрыкай, а там некаторыя краіны падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду», — кажа Дзяйкала.
Іншы юрыст, які паразмаўляў са Свабодай, кажа, што выключаць выдачу ордэра ў дачыненьні да Лукашэнкі нельга, калі такі быў выдадзены на Пуціна.
«У гісторыі былі выпадкі, калі ордэры выдавалі, але людзі падарожнічалі ў краіны, дзе іх павінны былі выдаць, але не выдавалі. Краіны кіруюцца тым, чым ім у дадзены момант больш выгадна. У час вайны і Пуцін, і Лукашэнка мала падарожнічаюць па сьвеце. Пуцін стаў асьцярожней езьдзіць у краіны кшталту ПАР, дзе нібыта ёсьць палітычная хаўруснасьць, а зь іншага боку — там прававая дзяржава, таму праблемы могуць паўстаць. На справе ж трэба, каб здарылася нешта такое, як было ў Судане, каб гэты міжнародны ордэр пачаў дзейнічаць насамрэч», — лічыць юрыст.
- Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту ад 13 верасьня прызнае Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне. У сувязі з гэтым эўрадэпутаты лічаць, што спэцыяльны міжнародны трыбунал аб злачынствах Расеі супраць Украіны павінен мець юрысдыкцыю расьсьледаваць ня толькі ўчынкі Пуціна і расейскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, але і беларускага кіраўніцтва. Эўрапарлямэнт заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-ўдзельніцы «прыняць меры для крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асоб, якія саўдзельнічаюць у злачыннай агрэсіі, ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе супраць Украіны». Эўрапарлямэнт лічыць рэжым Лукашэнкі датычным да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне маюць пацьверджаньне асабістага ўдзелу Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з пачатку вайны