«Сёньня Паліну наведаў адвакат, якому яна расказала пра апошнюю з волі перадачу. Гэта было 1 верасьня. Перадачы пачынаюць прымаць у 8.30, а ўжо ў 9.00 ёй у камэру прынесьлі мех яблык. Пазначана прозьвішча, якога яна ня ведае. Яблыкі пабітыя, нібы сабраныя каля дарогі. Мех стары, зь дзяругі, у такім звычайна захоўваюць бульбу. І вага — дакладна 30 кіляграм. Якраз столькі, колькі даецца на месяц для перадач ад сваякоў. Ад тых яблык Паліна адмовілася, іх выкінулі ў сьметніцу. Але фармальна ў верасьні на перадачы яна ўжо ня можа разьлічваць, бо ліміт вычарпаны», — расказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда. Муж палітзьняволенай мяркуе, што гэты падарунак ад невядомага «добразычліўца» — адмысловая апэрацыя, каб пазбавіць ягоную жонку прадуктовых перадач, неабходных ёй пасьля працяглай галадоўкі.
«Гэта спроба зламаць яе перад судом за нібыта злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі. Дакладны дзень суду яшчэ не прызначаны, мусяць правесьці недзе на пачатку кастрычніка. Але ўжо ціснуць, нечага ад яе дамагаюцца», — мяркуе Андрэй Шарэнда.
Цяпер Паліну Шарэнду-Панасюк трымаюць у Гомельскім СІЗА. 23 жніўня стала вядома, што яшчэ ў Рэчыцкім ІЧУ палітзьняволеная абвясьціла галадоўку, пратэстуючы супраць завядзеньня новай крымінальнай справы.
- У 2021 годзе актывістку «Эўрапейскай Беларусі» зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на 2 гады зьняволеньня за абразу Лукашэнкі і гвалт супраць міліцыянта. Жанчына павінна была выйсьці на волю мінулым летам, але ў 2022 годзе яе асудзілі яшчэ на 1 год калёніі. Сёлета ў красавіку супраць жанчыны завялі новую крымінальную справу па тым жа 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Улетку стала вядома, што, пратэстуючы супраць перасьледу, Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад беларускага грамадзянства.