Трое выпускнікоў ня ўсталі падчас выкананьня гімну, іх пацягнулі ў суд

«Гімн міліцыі». Карыкатура Радыё Свабода з сэрыі «(Не)вясёлыя карцінкі»

На адным з выпускных вечароў у Нароўлі трое маладых людзей не падняліся падчас выкананьня дзяржаўнага гімну. На іх склалі пратакол і прызначылі суд.

Паводле «Гомельскай Вясны», 2 жніўня 2023 у судзе Нараўлянскага раёну разглядалася справа 25-гадовага Максіма Галавацкага паводле артыкулу 24.54 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да дзяржаўных сымбаляў»).

Разам з Галавацкім прыцягнулі да адказнасьці і ягоных сяброў. Заканадаўства па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф да 15 базавых велічынь, але на гэты момант яшчэ няма інфармацыі аб тым, якое пакараньне вынес суд.

  • Гэта ня першыя выпадкі, калі людзей штрафуюць за падобнае. У траўні ў Горадні быў засуджаны мясцовы жыхар за тое, што застаўся сядзець падчас выкананьня гімну на футбольным матчы паміж «Нёманам» і «Дынама». У лютым 2023 года дзяўчына не паднялася пад гімн на турніры па кікбоксінгу ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 жніўня: у Янаве жанчыну затрымалі за ўкраінскую патрыятычную песьню
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі — гімн Расеі, з Украіны — зварот Ціханоўскай. У Кіеве расказалі аб інфармацыйных апэрацыях на мяжы