Ці возьмецца Netflix здымаць сэрыял паводле гістарычнага дэтэктыва Караткевіча? Чаму знакамітага барытона Ільлі Сільчукова, пад якога пісалі партыю Беларэцкага, ня будзе на прэм’еры ў Лёндане? І хто з сусьветных зорак прыйдзе на прэм’еру? Каб даведацца, глядзіце размову з сузаснавальнікам беларускага Свабоднага тэатру, рэжысэрам опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» Мікалаем Халезіным.
Тут фрагмэнты размовы зь Мікалаем Халезіным
Як стваралася опэра
— Гэтую ідэю падарыў Андрэй Каляда, Наташын бацька (літаратуразнаўца, тэатразнаўца і пэдагог Андрэй Каляда, бацька сузаснавальніцы Свабоднага тэатру Натальлі Каляды.— РС). Ён начытваў гэтую кнігу, гэта вельмі дапамагло ў працы, і ягоны голас гучыць у спэктаклі. У нас быў выбар паміж двума творамі Караткевіча — «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Каласы пад сярпом тваім». Пакуль мы спыніліся на «Дзікім паляваньні». Гэта надзвычай сцэнічны раман.
Калі пачынаеш чытаць «Дзікае паляваньне», бачыш, наколькі актуальны Караткевіч сёньня, наколькі ён пацэліў у сёньняшні час. Караткевіч ва ўсе часы быў вельмі добры, але тут проста гісторыя, якая цяпер адбываецца ў нашых краінах, ва Ўсходняй Эўропе. Далёка ня кожнаму пісьменьніку, толькі генію, напэўна, удаецца з рэальнасьці стварыць мэтафару, якая будзе настолькі сугучная рэальнасьці. І тады мы зразумелі, што хочам зрабіць беларускі спэктакль, прычым ня проста драматычны, а комплексны на падставе опэры.
Я праслухаў некалькі разоў опэру Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха». Яна здалася мне вельмі несучаснай. Такі погляд з 1970-1980 гадоў. Лібрэта было вельмі невыразнае, чамусьці ён адмовіўся ад вельмі многіх рэчаў, найхутчэй з палітычных матываў. Таму і мы сталі ствараць новую опэру, шукаць для гэтага кампазытара, лібрэтыста і гэтай далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы жывём у часы дзікага паляваньня». Халезін, Хадановіч, Сільчукоў і Падгайская пра бэстсэлер Караткевіча ў лёнданскім тэатрыПра зорны склад стваральнікаў «Дзікага паляваньня караля Стаха»
— Найперш мы зразумелі, што музыку павінна пісаць Вольга Падгайская. На сёньняшні дзень гэта кампазытар нумар адзін у Беларусі. Яна хутка пагадзілася. Мне быў патрэбен суаўтар для лібрэта (я напісаў сюжэтную частку), і паэт Андрэй Хадановіч вельмі хутка пагадзіўся. Шчыра скажу, я вельмі люблю яго як паэта, але тое, як ён распарадзіўся гэтым творам, проста фэнамэнальна. Проста цытаты Караткевіча, яго настрой, яго танальнасьць, яго мэтафары, яшчэ і афарызмы, якія Андрэй трансфармаваў з тэксту Караткевіча.
Надзю Саяпіну я ўзяў у суаўтары як мастачку і шалёна гэтаму рады. Для яе гэта быў першы досьвед вялікай працы ў тэатры. Мы ўсе аб гэтым вельмі не пашкадавалі, таму што яна можа працаваць з такой аддачай, імпэтам з такімі тонкімі матэрыяламі, заглыбляючыся ў сытуацыю і сюжэт, пераўтвараючы яго ў касьцюмы і сцэнічныя рашэньні.
І знаны дырыжэр Віталь Алексяёнак. На мой погляд, абсалютна недаацэненая фігура ў беларускай культуры. Віталь узначальвае адзін з найбуйнейшых нямецкіх тэатраў у якасьці дырыгента. Ён стаў галоўным дырыгентам у 30 гадоў. Такога ў Эўропе я ня памятаю. Гэта велізарная праца на дзьвюх пляцоўках, у ягоным падпарадкаваньні 200 музыкаў, ён вызначае стратэгію і тактыку тэатру. Я баяўся, што ён ня знойдзе часу, але мы неяк узгаднілі графікі. Яму давялося зрабіць каля 10 пералётаў падчас рэпэтыцыйных працэсаў.
Што тычыцца вакалістаў, то гэта ўкраінскія вакалісты. Ёсьць два склады на дзьве галоўныя партыі. У асноўным складзе вядомыя ў сьвеце сьпевакі — Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна. Разам зь імі ў якасьці дублёраў Мікола Губчук і Алена Арбузава. Гэта таксама цудоўны склад. Хоць мы і не дзялілі на першы і другі склад, але атрымалася, што больш працы выпадзе Калінкінай і Бандарэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя». Славуты сьпявак Ільля Сільчукоў пра дэбют у La Scala і галоўную ролю ў «Дзікім паляваньні» ў ЛёнданеЧаму ў Лёндане ня будзе Сільчукова
— Мы вельмі хочам, каб Ільля Сільчукоў вярнуўся ў гэты праект. Ёсьць прыватныя абставіны, якія змусілі яго і нас адмовіцца ад гэтай працы. Мы вельмі перажываем і спадзяёмся, што ўсё будзе добра. Гэта сямейныя абставіны, якія мы не хацелі б агучваць. Я думаю, што ён вернецца. Знойдзецца час, калі ён зможа сьпяваць, знойдзецца пляцоўка, на якой мы будзем працягваць. Я вельмі веру, што Ільля Сільчукоў прасьпявае гэтую партыю. Тут няма ніякіх творчых рознагалосьсяў. На падрыхтоўчай фазе Ільля вельмі шмат працаваў, кансультаваўся з кампазытарам, зь лібрэтыстам, са мной. Мы былі ўвесь час на сувязі, і цяпер на сувязі. Такія абставіны здараюцца...
Пра ўдзел Кейт Бланшэт у панэльнай дыскусіі падчас прэм’еры
— Кейт пагадзілася адразу. Мы сябруем з 2009 году, яна дапамагала і дапамагае беларускаму Свабоднаму тэатру. Кейт адразу пагадзілася і на грамадзкую дыскусію, і на мерапрыемства ў падтрымку Свабоднага тэатру. Яна будзе на спэктаклі. Кейт заўсёды з намі, ходзіць на нашы спэктаклі. Грамадзкая дыскусія вельмі важная, на яе ўсе квіткі раскупленыя, як і на спэктакль. Яна падымае важную праблему — дзяцей, якія знаходзяцца, па сутнасьці, у палоне ў Расеі. І мы спрабуем арганізаваць кампанію па вяртаньні гэтых дзяцей сумесна з нашымі сябрамі з Украіны і Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кейт Бляншэт будзе мадэраваць панэльную дыскусію з «Свабодным тэатрам» аб уплыве вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і БеларусіЯк паглядзець пастаноўку
— Мы вельмі хутка дамовіліся з тэлеканалам «Белсат», які будзе ў суботу трансьляваць спэктакль на спадарожнікавым канале і на іх youtube-старонцы. Будзе паказаны ўвесь спэктакль. Гэта магчымасьць для беларусаў. Уласна кажучы, для беларусаў мы гэта і рабілі. Так, яго можна будзе паглядзець па ўсім сьвеце, але ў першую чаргу мы клапаціліся пра тое, каб беларусы, якія ня могуць пабываць у Лёндане, мелі магчымасьць паглядзець гэты спэктакль. Графіку гастроляў пасьля прэм’еры ў Лёндане яшчэ няма. Ёсьць перамовы наконт паказаў опэры, якія вядуцца ў розных краінах. Тут шмат вырашаецца ў прэмʼерныя дні. Сюды прыяжджаюць кіраўнікі фэстываляў, дырэктары тэатраў і іншых пляцовак. Яны глядзяць спэктаклі і потым прапаноўваюць паказаць гэта ў сябе. Так было з «Сабакамі Эўропы», калі адразу вялікая частка тэатраў прапанавалі паказаць у сябе спэктакль. Мы спадзяёмся, што так будзе і гэтым разам. Бо падобны спэктакль, у які ўкладзена столькі сілаў, столькі сродкаў, столькі фантазіі і энэргіі, ня можа проста так зьнікнуць з тэатральнай прасторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Дзікае паляваньне...“ Караткевіча натхнёнае Ўкраінай». Андрэй Хадановіч пра працу над лібрэта да опэры, якую паставяць у ЛёнданеПра пляны зрабіць міні-сэрыял паводле Караткевіча
— Мы зразумелі, што хочам стварыць кінапраект. Найхутчэй, у варыянце міні-сэрыялу. Пакуль пачынаем працу над сцэнарнай часткай. Далей будзем глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Безумоўна, гэта патрабуе фінансаваньня яшчэ большага, чым маштабны тэатральны праект. Мы павінны зрабіць заяўку, напісаць сынопсіс, першую сэрыю і прадʼявіць гэта стрымінгавым каналам, якія так ці інакш адрэагуюць. Мы будзем прыкладаць намаганьні дзеля гэтага. Хто ведае, можа, мы неўзабаве зможам пахваліцца тым, што рыхтуем да паказу сэрыял паводле нашага ўлюбёнага аўтара.
Пра актораў пакуль складана гаварыць. Я разумею, што беларускіх актораў, безумоўна, ня хопіць на такую маштабную работу, і, найхутчэй, трэба будзе рабіць мікст з самых розных актораў. Паколькі ў нас ёсьць вялікая колькасьць актораў, нашых сяброў у розных краінах сьвету, то мы маглі б сабраць каст. Гэта не было б самай вялікай праблемай. Самая вялікая праблема ў кіно адна — фінансаваньне. Усё астатняе стварыць можна, бо колькасьць прафэсіяналаў велізарная. І нават цяпер мы стварылі кінашэраг, які ідзе ўнутры опэры. Яго ўжо можна лічыць часткай кіно, якое магло б выйсьці.
- 14, 15, 16 верасьня на сцэне Лёнданскага тэатру «Барбікан» адбудзецца прэмʼера опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага раману Караткевіча. Кампазытарка — Вольга Падгайская, дырыгент — Віталь Алексяёнак, аўтар лібрэта — Андрэй Хадановіч.
- У опэры граюць акторы, опэрныя выканаўцы і музыканты зь Беларусі і Ўкраіны, а сама пастаноўка будзе ісьці на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі.
- Актрыса і пасол добрай волі UNHCR, агенцтва ААН па справах бежанцаў, Кейт Бланшэт далучыцца 15 верасьня да панэльнай дыскусіі Беларускага свабоднага тэатру пра ўплыў вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі — «Лісты надзеі».
- Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў Лёндана верасьня 2023 году.
- У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Казалі, што мы вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды». Халезін і Каляда пра тое, як Ордэн Брытанскай Імпэрыі дапаможа змагацца з дыктатурай