Віленскі ўчастковы суд разглядае справу грамадзяніна Беларусі Мацьвея Бяляя паводле факту нападу на беларускую амбасаду 20 красавіка. Ён ужо больш за пяць месяцаў знаходзіцца пад вартай.
Як паведаміла выданьне Delfi, беларус нарадзіўся ў 1990 годзе і мае дазвол на сталае пражываньне ў Літве, зьяўляецца сябрам партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада». У 2020 годзе Мацьвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску.
«Я — уцякач. У Беларусі мяне перасьледуюць за палітычныя погляды. Мой беларускі пашпарт несапраўдны, мне сказалі, што мяне пазбавілі грамадзянства», — цытуе выданьне Мацьвея Бяляя. Беларус лічыць гэтую справу палітычнай.
Пракуроры хочуць прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці за тое, што 20 красавіка ў 00.05 ён нібыта кінуў у будынак беларускай амбасады ў Вільні «самаробную зьнічку з гаручай сумесьсю». Гэтыя дзеяньні кваліфікавалі як пашкоджаньне маёмасьці беларускай амбасады, хоць беларускія дыпляматы не зьвярталіся праз гэты інцыдэнт у паліцыю ці суд і адмовіліся ад супрацы з пракурорамі. Беларуса абвінавачваюць яшчэ і ў супраціве двум супрацоўнікам сьледчага ізалятара і спробе ўцячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра мяжу, Карач, «літвінізм», Пазьняка і Вільню — меркаваньне літоўскага палітоляга Максімаса Мілты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карач абскардзіла рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы, які адмовіў ёй у прытулку