Беларусы Ўкраіны ня могуць паведаміць беларускім уладам пра свой дазвол на жыхарства. Дзяржаўныя сайты заблякаваныя, амбасада не працуе

Беларусы ў Кіеве, Украіна. Архіўнае фота

Улады пагражаюць пакараньнем за ігнараваньне новых правілаў. Якім яно будзе, пакуль невядома.

Грамадзян Беларусі абавязалі паведамляць у міліцыю пра дазвол на жыхарства ў іншай краіне, іншае грамадзянства або «карту паляка». Міліцэйскія чыноўнікі палохаюць адказнасьцю за ўтойваньне гэтых дакумэнтаў. Беларусы Ўкраіны, калі і захочуць паведаміць пра дазвол на жыхарства, ня змогуць гэтага зрабіць — сайты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь заблякаваныя, а амбасада і кансуляты не працуюць.

«Жаданьня карыстацца VPN я ня маю»

У тэматычных чатах беларусаў ва Ўкраіне карыстальнікі абмяркоўваюць, як можна паведаміць уладам Беларусі пра свой дазвол пра жыхарства. Амбасада Беларусі ў Кіеве не працуе з сакавіка 2022 году. Сайты дзяржаўных органаў — МУС, МЗС і іншыя — з тэрыторыі Ўкраіны не адкрываюцца.

«Нехта спрабаваў ужо пісаць у МЗС Беларусі пра наяўнасьць сталага дазволу на жыхарства ва Ўкраіне? Напісана, што да 11 кастрычніка трэба паведаміць. Але не адкрыўся ніводзін сайт. Падзяліцеся інфармацыяй, як рабілі, калі ў некага атрымалася», — піша адна з карыстальнікаў чату.

«У законе запісана, што паведамленьне трэба падаваць у электронным выглядзе на Адзіны партал электронных паслуг (доступ да сайту заблякаваны за мяжой) ці пры асабістым звароце. Ідыятызм найвышэйшага гатунку. Хочаш паведаміць пра сталы дазвол на жыхарства — едзь і паведамляй», — камэнтуе другі.

«Я ў шоку, як хутка нас загналі ў кут», — дзеліцца эмоцыямі яшчэ адзін беларус, які жыве ва Ўкраіне.

«Яны (сайты беларускіх дзяржаўных органаў. — РС) проста заблякаваныя ад пачатку поўнамаштабнай вайны. Можна было б скарыстацца пры жаданьні VPN, але такога жаданьня я ня маю. Таму нікому нічога ня буду паведамляць», — патлумачыла Свабодзе Марына (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС).

Міхаіл жыве ва Ўкраіне з 2020 году. У Беларусі на яго заведзены крымінальныя справы, ён у вышуку. Ва Ўкраіне беларус мае часовы дазвол на жыхарства. Кажа, што нікому ня будзе паведамляць пра яго.

«На якой падставе? Я не лічу беларускую ўладу законнай, лічу яе ўвогуле злачыннай. Якая мне будзе прыдуманая кара за гэта? Ды хоць расстрэл, я нічому не зьдзіўляюся. Думаю, пакараньне будзе залежаць ад таго, які настрой будзе ў дыктатара ў дзень прыняцьця чарговага абсурднага закону», — кажа Міхаіл.

Ён не разумее доўгатэрміновых наступстваў прыняцьця такога дапаўненьня ў закон.

«Маёмасьць забіраць будуць? Дык яе і сёньня могуць забраць, і без аніякага закону. Калі людзей садзяць на вялікія тэрміны за падабайку, то няўжо цяжка проста канфіскаваць любую кватэру», — лічыць уцякач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самі прыдумалі закон — хай самі мяне і шукаюць». Што беларусы кажуць наконт абавязку паведамляць пра дазвол на жыхарства за мяжой

Суразмоўца таксама мяркуе, што законы пра забарону атрымаць пашпарт ці дакумэнт за мяжой, абавязак паведаміць пра дазвол на жыхарства — «гульня на ўнутраную аўдыторыю, на тых беларусаў, якія жывуць у Беларусі, глядзяць тэлевізар, пляскаюць у ладкі і кажуць: «Во Лукашэнка маладзец, пакараў змагароў!».

Міхаіл дадаў, што для яго лепш быць «бамжом ва Ўкраіне», чым вяртацца ў Беларусь. Тым больш ён гэтага зрабіць ня можа.

Як беларускія ўлады прапануюць данесьці пра свой дазвол на жыхарства

Згодна з новым дапаўненьнем закону «Аб грамадзянстве», інфармацыю пра дазвол на жыхарства ў іншай краіне можна разьмясьціць на адзіным партале электронных паслуг platform.gov.by. Але для гэтага трэба атрымаць электронны лічбавы подпіс і стварыць пэрсанальны кабінэт на сайце.

Чыноўнікі прапануюць напісаць пра дазвол на жыхарства на партал «обращение.бел», зьвярнуцца пісьмова ў міліцыю ці дыпляматычныя службы. Да звароту трэба прыкласьці копію атрыманага замежнага дакумэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: звыш 6,5 тысячы грамадзян Беларусі паведамілі аб дакумэнтах замежнай дзяржавы