«Эўрапарлямэнт прыняў даклад, які ня мае абавязковай сілы і які «падтрымлівае заявы Сьвятланы Ціханоўскай і лідэраў беларускіх дэмакратычных палітычных партый аб эўрапейскіх памкненьнях беларусаў». Маленькі, маленькі крок, але звычайна менавіта так пачынаецца дарога да Эўразьвязу», — напісаў у Твітэры (цяпер X) брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
«Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць рэжым у Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў і рашуча асуджаюць ролю менскага рэжыму як саўдзельніка агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Яны зь вялікай заклапочанасьцю адзначаюць паўсюднае палітычнае, эканамічнае, вайсковае і культурнае падпарадкаваньне Беларусі Маскве, якое ператварае яе ў дэ-факта дзяржаву-сатэліт, якая мае тактычную ядзерную зброю пад расейскім камандаваньнем», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ЭП.
Эўрадэпутаты таксама заклікаюць да ўзмацненьня санкцый ЭЗ супраць Беларусі і падкрэсьліваюць, што ПВК «Вагнэр» стварае новыя патэнцыйныя рызыкі бясьпекі для Ўкраіны, а таксама для суседзяў Беларусі па ЭЗ і ўсяго Эўразьвязу.
У падтрымку дакладу было аддадзена 453 галасы, 21 — «супраць», 40 — устрымаліся.
«Мы будзем працягваць падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і граць актыўную ролю ў фармаваньні рэакцыі Эўрапейскага Зьвязу на працяглы палітычны крызіс у Беларусі. Вельмі важна, каб мы і надалей пашыралі санкцыі Эўрапейскага Зьвязу супраць рэжыму і не забываліся на тое, што яны зрабілі», — заявіла прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала.
Напярэдадні, падчас двухбаковай сустрэчы, Рабэрта Мэтсала атрымала ад Ціханоўскай «Крыж добрасуседзтва», які ўручаецца выдатным асобам, што значна дапамаглі справе беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: статэгічная мэта дэмакратычных сілаў Беларусі — уваходжаньне ў Эўразьвяз- Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу на пленарным пасяджэньні заклікала эўрадэпутатаў падтрымаць эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі і вывесьці адносіны з дэмакратычнай Беларусьсю на новы ўзровень, прапанаваўшы падпісаць мэмарандум да выбараў у Эўрапарлямэнт у 2024 годзе як аснову супрацоўніцтва паміж Эўрапарлямэнтам і дэмакратычнай Беларусьсю. «Беларусы хочуць пачуць, што нашу краіну не аддадуць Пуціну ў якасьці суцяшальнага прыза», — сказала яна.
- Ціханоўская папярэдзіла, што беларусам спатрэбіцца дапамога ў барацьбе за дэмакратыю ў краіне. Лукашэнка заслугоўвае ня месца ў міжнароднай супольнасьці, а квітка ў міжнародны суд у Гаазе, сказала яна. У наступным годзе беларускія дэмакратычныя сілы павінны пачаць выдаваць уласныя пашпарты, якія б пацьвярджалі беларускае грамадзянства, паведаміла Ціханоўская, і якія будуць служыць праязным дакумэнтам для беларусаў у выгнаньні. Неўзабаве яна зьвернецца да ўрадаў ЭЗ з просьбай прызнаць гэты новы праязны дакумэнт.