Адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры» прапануецца ўвесьці ў Беларусі з ініцыятывы Генэральнай пракуратуры.
Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 12 верасьня ў Менску старшы пракурор аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі згаданага ведамства Раман Сідарэнка.
Паводле яго, будуць таксама ўдасканальвацца падыходы «да выяўленьня асоб, якія цярпяць на псыхічныя захворваньні, кантролю за імі і іхным месцам знаходжаньня».
Для «дзейснага кантролю» за асобамі, якія ўчынілі злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці, плянуецца надзяліць органы ўнутраных спраў правам выкарыстоўваць электронныя бранзалеты.
Акрамя таго, паводле Сідарэнкі, ацэньваецца мэтазгоднасьць «дзяржаўнага кантролю за знаходжаньнем дзяцей у сеціве з улікам міжнароднага досьведу і прымяненьнем штучнага інтэлекту».
З ініцыятывы Генпракуратуры, паведаміў ён, сёлета ў навучальныя праграмы будуць уводзіць заняткі па вывучэньні асноў сямейнага жыцьця, «накіраваныя на ўмацаваньне гатоўнасьці падрастаючага пакаленьня да стварэньня сям’і і для свабоднага эфэктыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хімічная кастрацыя для адводу вачэйСідарэнка выказаў думку, што гэтыя ініцыятывы «дапамогуць абараніць дзіця ад магчымых злачынных дзеяньняў і нівэляваць намаганьні асобных заходніх краін дзеля згубнай прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў, зьмены полу і ідэалёгіі чайлдфры».
Пракурор заявіў, што ў Беларусі за апошнія пяць гадоў больш за 3,5 тыс. дзяцей сталі ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці. Паводле яго, павялічылася колькасьць ахвяр згвалтаваньняў, распусных дзеяньняў. Сідарэнка падкрэсьліў, што «толькі ў кожным трэцім выпадку злачынец ня быў знаёмы са сваёй ахвярай», астатнія былі сваякамі або знаёмымі дзяцей.
Колькасьць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці ў 2022 годзе ў параўнаньні з 2021-м павялічылася на 28% і склала 922. Гэта зьвязана «з актывізацыяй праваахоўных органаў», сказаў пракурор.
Ён падкрэсьліў, што афіцыйная статыстыка ня можа адлюстроўваць рэальную сытуацыю, бо дзеці часта ня могуць ацаніць накіраваныя супраць іх дзеяньні як злачынныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хірургія — доля мужчын», а чайлдфры і ЛГБТ — «пагроза нацыянальнай бясьпецы». Як чыноўнікі ў Беларусі прасоўваюць сэксізм і дыскрымінацыюУ ліпені праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады не прымаць прапановы Генпракуратуры дзеля аховы дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплюатацыі, а таксама падрыхтаваныя зьмены ў Крымінальны кодэкс.
Прапанаваныя папраўкі ў заканадаўства прадугледжваюць, што асобам, якія цярпяць на пэдафілію, суд разам з пакараньнем за злачынства зможа прызначаць прымусовае лячэньне, уключаючы хімічную кастрацыю.
Праваабаронцы заклікалі публічна асудзіць ініцыятыву беларускіх уладаў.
«Мы канстатуем, што ініцыятыва Генпракуратуры зьяўляецца неабгрунтаваным умяшаньнем дзяржавы ў асабістае жыцьцё грамадзян і грамадзянак і супярэчыць міжнародным абавязаньням Рэспублікі Беларусь у сфэры правоў чалавека, уключна з сэксуальнымі і рэпрадуктыўнымі правамі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Падпісанты заявы лічаць, што гэтая ініцыятыва стварае пагрозу для «розных уразьлівых груп», у тым ліку «для ЛГБТК+ супольнасьці, падлеткаў, жанчын» ды інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася пэтыцыя супраць забароны інфармацыі пра ЛГБТ