Выведка Ўкраіны: улады Беларусі прапанавалі вагнэраўцам перайсьці ў склад кампаніі «ГардСэрвіс». А ў Расеі іх прымаюць у «Расгвардыю»

Зброя беларускай вытворчасьці на выставе ў Менску, травень 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

Раней Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызначыў, што супрацоўнікі ТАА «ГардСэрвіс» павінны быць грамадзянамі Беларусі, праходзіць праверку ў органах унутраных спраў і дзяржаўнай бясьпекі.

Цэнтар нацыянальнага супраціву Ўкраіны (яго зьвязваюць з вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацый Украіны) паведаміў, што вагнэраўцам, якія адмовіліся ад кантракту з Узброенымі сіламі Расеі, прапанавалі далучыцца да кампаніі «ГардСэрвіс».

«Апошняя стала трэніруецца ў Мар’інай Горцы Менскай вобласьці на базе колішняга цэнтру спэцыяльнай падрыхтоўкі „Дынама“. Асноўная задача ПВК — залучэньне для супрацьдзеяньня апазыцыі ў выпадку неспрыяльнага палітычнага сцэнара для Аляксандра Лукашэнкі», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

У Цэнтры нацыянальнага супраціву кампанію «ГардСэрвіс» назвалі «прыватнай вайсковай кампаніяй рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўхвалілі законапраект, які пашырае правы Лукашэнкі ствараць ахоўныя структуры

Што вядома пра «ГардСэрвіс»

ТАА «ГардСэрвіс» зарэгістравана ў лістападзе 2019 году ў Менску.

У чэрвені 2020 году стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 227, паводле якога ТАА «ГардСэрвіс» атрымала права аказваць ахоўныя паслугі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявілася прыватная ахоўная арганізацыя, супрацоўнікам якой дазволена ўжываць зброю

Кампаніі дазволена набываць ва ўласнасьць, захоўваць і перадаваць сваім супрацоўнікам службовую і цывільную зброю і боепрыпасы да яе для аказаньня ахоўных паслуг. Пра заключэньне і спыненьне дамоў на аказаньне ахоўных паслуг «ГардСэрвіс» абавязана інфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў.

Сярод вызначаных паслуг — ахова аб’ектаў і маёмасьці, прыём сыгналаў трывогі сыстэм ахоўнай і трывожнай сыгналізацыі і рэагаваньне на гэтыя сыгналы, перавозка і ахова маёмасьці, суправаджэньне тавараў і транспартных сродкаў, праектаваньне, мантаж, наладка і тэхнічнае абслугоўваньне сродкаў і сыстэм аховы.

Супрацоўнікі ТАА «ГардСэрвіс» павінны быць грамадзянамі Беларусі, праходзіць праверку ў органах унутраных спраў і дзяржаўнай бясьпекі.

Экспэрты ў сфэры бясьпекі не лічылі «ГардСэрвіс» прыватнай вайсковай кампаніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі такое ўпершыню». Што вядома пра кампанію, якой Лукашэнка дазволіў ужываць зброю

А ў Расеі былых заняволеных, памілаваных за ўдзел у вайне з Украінай, як мінімум з канца жніўня бяруць у структуры Расгвардыі, але «не на кіроўныя пасады і нават не ў сярэдні афіцэрскі склад». Журналіст «Важных историй» пад выглядам кандыдата (паводле легенды, ён сядзеў па «наркатычным» артыкуле і за крадзеж) паспрабаваў уладкавацца на працу ў Растове, дзе яму прапанавалі падпісаць кантракт і ў якасьці вайскоўца ахоўваць стратэгічныя аб'екты ў акупаванай частцы Данецкай вобласьці.