Унікальным крокам Ватыкан у нядзелю бэатыфікаваў польскую сям’ю зь дзевяці чалавек — сямейную пару і іх маленькіх дзяцей, — якія былі расстраляныя нацыстамі падчас Другой сусьветнай вайны за тое, што яны давалі прытулак габрэям і такім чынам спрабавалі ўратаваць тых ад Галакосту, піша Associated Press.
Падчас урачыстай Імшы папскі пасланьнік кардынал Марчэла Сэмэрара зачытаў лацінскую формулу бэатыфікацыі сям’і Ульма, падпісаную ў мінулым месяцы Папам Францішкам.
Побач з алтаром паставілі сучасную карціну Юзафа і Вікторыі Ульмаў зь дзецьмі. Гэта першы выпадак бэатыфікацыі цэлай сям’і.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда разам зь лідэрам кіроўнай партыі Яраславам Качыньскім і прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім прысутнічалі на адзначэньні падзеі ў вёсцы Маркава на паўднёвым усходзе Польшчы, дзе ў 1944 годзе былі забітыя Ульмы. Тысячы пілігрымаў прыбылі з усёй Польшчы, каб прыняць удзел у працэсе.
Летась Папа Францішак абвясьціў каталіцкую сям’ю Ульма, у тым ліку дзіця, якім была цяжарная Вікторыя Ульма, «пакутнікамі за веру», што адкрывае шлях для бэатыфікацыйнай Імшы, што праходзіць у іх роднай вёсцы Маркава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Захар Шыбека, які жыве ў Ізраілі: Новых гістарычных матэрыялаў пра Беларусь безьлічУльмы былі забітыя дома нямецкімі войскамі і мясцовай паліцыяй, падначаленай нацыстам, уночы 24 сакавіка 1944 году разам з васьмю габрэямі, якіх яны хавалі дома. Верагодна, іх нехта выдаў.
44-гадовы Юзаф Ульма быў фэрмэрам, каталіцкім вернікам і фатографам-аматарам, які дакумэнтаваў сямейнае і вясковае жыцьцё. Жыў з 31-гадовай жонкай Вікторыяй. У іх было шасьцёра дзяцей, трое дзяўчынак і трое хлопчыкаў.
Яны схавалі ў сваім доме 70-гадовага Сауля Гольдмана, ягоных чатырох сыноў, а таксама Гольду Грунфэльд зь сястрой і яе малой дачкой. Іх імёны занатаваныя з дакумэнтах Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль папрасіў Марыю Захараву «не чытаць яму лекцыі» пра ГалакостКаталіцкі Касьцёл сутыкнуўся з дылемай бэатыфікацыі ненароджанага дзіцяці Вікторыі і абвяшчэньня яго пакутнікам, у тым ліку таму, што дзіця, лягічна, яшчэ не было ахрышчана, што зьяўляецца патрабаваньнем для бэатыфікацыі. Ватыканская Дыкастэрыя ў справах Кананізацыі выпусьціла ўдакладненьне, у якім гаворыцца, што дзіця насамрэч нарадзілася падчас жаху забойстваў і атрымала «хрост крывёю» сваёй маці-пакутніцы.
Ізраільскі інстытут Яд ва-Шэм у 1995 годзе прызнаў Ульмаў Справядлівымі народаў сьвету, якія аддалі жыцьцё, спрабуючы выратаваць габрэяў падчас Галакосту.
У вёсцы Маркава, дзе жыла сям’я Ульмаў, у 2016 годзе адкрыўся Музэй палякаў, якія ратавалі габрэяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не засталося — ні людзей, ні дамоў». Шчымлівыя лісты стаўпецкіх габрэяў пра жыцьцё і Галакост