Падчас сьвяткаваньня 956-годзьдзя беларускай сталіцы, старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава назвала Менск «адным з самых камфортных гарадоў у свеце, добраўпарадкаваных, чыстых, утульных, камфортных для жыцьця».
Мы паглядзелі, на якім месцы апынулася сталіца Беларусі ў сусьветных рэйтынгах камфортнасьці гарадоў.
Штогод «Індэкс прыгоднасьці для пражываньня», зьвязаны з ладам жыцьця і ўзроўнем жыцьця ў 173 гарадах па ўсім сьвеце, складае арганізацыя Economist Intelligence Unit. Індэкст ацэньвае стабільнасьць, ахову здароўя, культуру, навакольнае асяродзьдзе, адукацыю і інфраструктуру. У рэйтынгу за 2023 год Менск ня згадваецца ўвогуле. У адрозьненьні ад суседніх Варшавы, Кіева, Масквы. У пяцёрку самых камфортных гарадоў сьвету ўвайшлі Вена, Капэнгаген, Мэльбурн, Сіднэй, Ванкувэр.
У іншым рэйтынгу «Індэкс якасьці жыцьця», які складае сэрвіс Numbeo, Менск на 136 месцы са 196. Гэты рэйтынг улічвае пакупніцкую здольнасьць, узровень забруджваньня, даступнасьць жыльля, кошт жыцьця, бясьпеку, якасьць аховы здароўя, час паездак і кліматычныя ўмовы.
У рэйтынгу найбольш інавацыйных гарадоў за 2022-2023, які складае 2THINKNOW, гады Менск на 415 месцы з 500. Гэты рэйтынг улічвае 160 паказьнікі.
18 траўня 2023 году ўлады падсумовалі вынікі штогадовага рэспубліканскага агляду населеных пунктаў, які праходзіў у 2022 годзе. Сярод найлепшых гарадоў урад назваў Берасьце, Мазыр і Бабруйск, Жабінку, Маларыту, Глыбокае і іншыя. Менску няма ў сьпісе ўвогуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады назвалі найлепшыя для жыцьця гарады і вёскі: Менску няма ў сьпісе