Гурт Irdorath выпусьціў першую песьню пасьля выхаду на волю

Гурт Irdorath, архіўнае фота, 2020 год

Песьню «Зорамі» напісала салістка гурту Надзея Калач у калёніі. Яна стала рэфлексіяй на тое, што музыкі перажылі за кратамі.

«Такія, як мы, неаднаразова сьпявалі яе ціха і ўпотай, са сьлязьмі на вачах», — напісала Надзея Калач.

Паводле гурту Irdotath, песьня дала ім надзею і веру ў сябе ў «гэтым халодным акіяне несправядлівасьці».

«Так, мы выбраліся адтуль, але многія яшчэ там, і мы ўсе не павінныя пра гэта забываць», — зьвяртаюцца да слухачоў музыкі.

Гурт Irdorath ня даў ніводнага інтэрвію за чатыры месяцы пасьля выхаду на волю. Музыканты вырашылі, што лепшым спосабам самавыяўленьня для іх будзе мастацтва.

«У гэтым творы ёсьць усё, што можна сказаць пра гэтую змрочную гісторыю. Гэта і завяршэньне цёмнай, і пачатак новай, сьветлай главы!», — піша гурт у прадмове да песьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт Irdorath апублікаваў першае відэа пасьля вызваленьня

Фэнтэзі-фольк гурт выказаў падзяку людзям, якія дапамаглі вярнуцца ім да творчасьці пасьля турмы, у тым ліку, арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» у Варшаве.

Наступная мэта гурта — вярнуцца на сцэну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне за кратамі. Як у Беларусі прызнаюць палітзьняволенымі цэлыя сем’і
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу музыкаў TOR BAND пачнуць разглядаць 14 верасьня ў закрытым рэжыме
  • Музыкаў Irdorath Надзею і Ўладзімера Калачоў затрымалі 2 жніўня 2021 году на лецішчы пад Менскам, падчас сьвяткаваньня дня народзінаў Надзеі, разам зь іншымі музыкамі і гасьцямі сьвята. У сьнежні 2021 году Надзею і Ўладзімера асудзілі на 2 гады калёніі. Іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).
  • Да суду Ўладзімера і Надзею ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску. 14 сьнежня 2021 году па іхнай справе вынесьлі прысуд: музыкам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі.
  • Акрамя іх, у зьняволеньні апынуліся музыкі Юлія Марчанка, Пятро Марчанка і Антон Шніп. Ім прысудзілі па 1,5 года калёніі, яны таксама ўжо адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
  • Як адзначаюць музыкі, пасьля вызваленьня ім незаконна забаранілі выезд з краіны, але пры дапамозе BySol яны змаглі зьехаць зь Беларусі.
  • Надзея і Ўладзімер Калачы абвясьцілі збор на плятформе BySol. Грошы патрэбныя найперш на адраджэньне творчых праектаў, «каб працягваць натхняць беларусаў», а таксама на рэабілітацыю пасьля калёніі і адаптацыю ў новай краіне.