Паводле вэрсіі Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны (НАБУ), у 2015 годзе алігарх Ігар Каламойскі вырашыў завалодаць сродкамі «Прыватбанку» для «далейшага фінансаваньня падкантрольнай афшорнай кампаніі і банку».
«Для гэтага банк штучна абавязалі выплаціць названай падкантрольнай кампаніі больш за 9,2 млрд грн пад маркай нібыта зваротнага выкупу ўласных аблігацый па завышаным кошце», — гаворыцца ў прэс-рэлізе НАБУ.
СБУ абвясьціла аб падазрэньні Каламойскаму па артыкулах аб махлярстве і легалізацыі маёмасьці, атрыманай злачынным шляхам.
2 верасьня суд ва Ўкраіне арыштаваў Каламойскага з магчымасьцю ўнясеньня закладу. Сьледзтва лічыць, што бізнэсовец з 2013 па 2020 год вывеў за мяжу больш як 570 мільёнаў грыўняў, «выкарыстоўваючы пры гэтым інфраструктуру падкантрольных банкаўскіх установаў».
- Ігар Каламойскі — адзін з найбагацейшых украінцаў, паводле вэрсіі амэрыканскага часопіса Forbes. Яго багацьце (на 27 сьнежня 2022) ацэньвалася ў $850 млн. У 2022 годзе Ўладзімір Зяленскі сваім указам пазбавіў бізнэсоўца ўкраінскага грамадзянства.
- У Расеі яго абвінавацілі ў крымінальнай справе аб прымяненьні забароненай зброі на ўсходзе Ўкраіны: прадпрымальнік актыўна выступаў супраць сэпаратыстаў і падтрымліваў ваенную апэрацыю супраць іх. У 2014 годзе рашэньнем Басманнага суду Масквы Каламойскага завочна арыштавалі.
- На пачатку лютага ўкраінскія СМІ паведамлялі аб ператрусах у Каламойскага. Крыніцы УНІАН у праваахоўных органах паведамілі, што яны зьвязаныя з расьсьледаваньнем дзейнасьці кампаній «Укртатнафта» і «Укрнафта», акцыянэрам якіх зьяўляецца бізнэсовец.
- У часе прэзыдэнцкай кампаніі 2019 году ўкраінскія экспэрты выказвалі думкі, што Ігар Каламойскі фінансаваў выбарчую кампанію тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
- Ігар Каламойскі як уласьнік Крамянчуцкага нафтаперапрацоўчага заводу (пасьля расейскіх абстрэлаў завод спыніў працу, але, нягледзячы на гэта, улады яго нацыяналізавалі. — РС) сыстэмна выступаў за ўвядзеньне абмежаваньняў для беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку. Апошнюю спробу дамагчыся гэтага ён зрабіў у студзені 2020 году. Аднак урад Украіны не падтрымаў ягоных прапановаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне праводзяць ператрус у алігарха Каламойскага, якога Зяленскі пазбавіў грамадзянства