У палку Каліноўскага паведамілі, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў чатырох байцоў беларускага падразьдзелу ордэнамі «За мужнасьць» трэцяй ступені.
Як адзначаецца ў тэлеграм-канале палку, з нагоды дня ўкраінскай выведкі, які адзначаецца 7 верасьня, Зяленскі асабіста ўручыў узнагароды беларускім добраахвотнікам.
«Украіна ганарыцца кожным воінам Галоўнага ўпраўленьня выведкі, усімі героямі нашай выведкі. Ганарымся кожнай вашай апэрацыяй, вашым гераізмам і талентам наносіць ворагу менавіта такія ўдары, якія рэальна яго аслабляюць. Зараз мы ня можам гаварыць адкрыта пра большую частку вашай баявой і выведнай працы. Але ведайце: я дзякую вам за кожны элемэнт гэтай вашай працы!» — заявіў Уладзімір Зяленскі на цырымоніі ўзнагароджваньня.
Імёны ўзнагароджаных беларускіх добраахвотнікаў не называюць. На афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны тэкст указу аб узнагароджаньні пакуль адсутнічае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, што Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасьць» яшчэ аднаго загінулага беларускага добраахвотніка
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасьць» трэцяй ступені трох загінулых беларускіх добраахвотнікаў — Зьмітра Рубашэўскага, Эдуарда Лобава і Данііла Ляшука.
У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.