Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах

Ілюстрацыйны каляж

4 верасьня апублікавалі ўказ Лукашэнкі, які здымае з консульстваў за мяжой вялікі шэраг абавязкаў. Пералічваем, што канкрэтна зьмянілася.

Пашпарты

Раней беларусы за мяжой маглі абмяняць пашпарты, тэрмін дзеяньня якіх канчаўся. Гэта рабілася, нягледзячы на вялікія чэргі: чакаць часам даводзілася паўгода і нават год. Новы ўказ Лукашэнкі здымае гэтую функцыю з консульстваў. Пашпарт мае права выдаваць толькі орган МУС па месцы рэгістрацыі, у Беларусі. Консульствы ж могуць выдаваць толькі даведку для вяртаньня ў Беларусь у тым выпадку, калі пашпарт скончыўся альбо згубіўся.

Выключэньне застаецца для тых, хто ўжо падаў дакумэнты на замену пашпарта. Такім людзям дакумэнт мусяць зрабіць. А вось тыя, хто толькі запісаўся на яго замену ці выдачу новых дакумэнтаў, нічога зрабіць ня змогуць. Такім людзям ужо тэлефануюць з консульстваў і адмяняюць візыты.

Указ набывае моц з 7 верасьня, але ўжо цяпер натарыяльныя канторы ў Беларусі адмаўляюцца працаваць з замежнымі даверанасьцямі. Такія выпадкі, праўда, здараліся і раней.

Грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за мяжой і маюць пашпарт сэрыі PP, па замену дакумэнтаў цяпер мусяць зьвяртацца ў галоўнае консульскае ўпраўленьне МЗС ці ў падразьдзяленьне МУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Беларусі. Раней ім мянялі пашпарты ў консульствах.

Пра альтэрнатыўныя варыянты можна пачытаць тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Указ Лукашэнкі пра пашпарты беларусаў стане праблемай і для краінаў Эўразьвязу

Даверанасьць і апастыль

Раней беларус, які жыве за мяжой, мог аформіць у беларускім консульстве даверанасьць на распараджэньне сваёй маёмасьцю на радзіме. Напрыклад, каб прадаць у Беларусі машыну, кватэру ці іншую маёмасьць. Цяпер такой магчымасьці больш няма, даверанасьць трэба рабіць асабіста ў Беларусі. Апастыль на дакумэнты, паводле новага ўказу, таксама трэба рабіць у Беларусі.

Даведкі і пасьведчаньні

Раней консульствы за мяжой мелі магчымасьць выдаваць шэраг дакумэнтаў: даведкі аб шлюбе ці аб скасаваньні шлюбу, аб рэгістрацыі аўтамабіля, дакумэнты аб адукацыі. Цяпер усё гэта трэба рабіць асабіста ў Беларусі ці па даверанасьці, аформленай у Беларусі.

Вось поўны сьпіс працэдур, якія цяпер нельга зрабіць па даверанасці, зробленай па-за межамі Беларусі:

  • прыняцьце рашэньня аб дазволе адчужэньня жылога памяшканьня, долі (доляў) у праве ўласнасьці на яго, набытых з выкарыстаньнем сродкаў сямейнага капіталу, да заканчэньня 5 гадоў з дня рэгістрацыі права ўласнасьці;
  • прыняцьце рашэньня аб прызначэньні сямейнага капіталу;
  • прыняцьце рашэньня аб датэрміновым выкарыстаньні сродкаў сямейнага капіталу;
  • прыняцьце рашэньня аб выкарыстаньні сродкаў сямейнага капіталу пасьля 18 гадоў з дня нараджэньня дзіцяці, у сувязі са зьяўленьнем якога быў прызначаны сямейны капітал;
  • выдача паўторнага пасьведчаньня аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану, за выключэньнем выдачы паўторнага пасьведчаньня аб сьмерці;
  • выдача даведак, якія замяшчаюць зьвесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб запісе акту грамадзянскага стану, аб адсутнасьці запісу акту аб заключэньні шлюбу) і паведамленьняў аб адсутнасьці запісу акту грамадзянскага стану, за выключэньнем даведак, якія зьмяшчаюць зьвесткі з запісаў актаў аб сьмерці;
  • выдача дублікатаў дакумэнта аб адукацыі, дадатку да яго, дакумэнта аб навучаньні;
  • рэгістрацыя па месцы жыхарства (па месцы знаходжаньня) грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
  • выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежных пунктаў пропуску;
  • дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (за выключэньнем колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх);
  • зьняцьце з уліку транспартных сродкаў;
  • апастыль на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
  • легалізацыя афіцыйнага дакумэнта ў Рэспубліцы Беларусь;
  • дзяржаўная рэгістрацыя ў адносінах да зямельных участкаў, жылога дома або ізаляванага жылога памяшканьня, капітальнага будынка, незаверанага закансэрваванага капітальнага будынка, ізаляванага памяшканьня, машына-месца, эксплюатаванага капітальнага будынка, эксплюатаванага ізаляванага памяшканьня або машына-месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прамое парушэньне Венскай канвэнцыі». Што экспэрты кажуць пра забарону выдаваць беларусам пашпарты ў консульствах

Шлюб і скасаваньне шлюбу

Ва ўказе не прапісана, што консульствы перастануць рэгістраваць акты грамадзянскага стану, то бок рэгістраваць ці скасоўваць шлюб. Пра гэта гаворыцца і ў тлумачэньні МЗС, але ёсьць нюанс. Каб зарэгістраваць шлюб, трэба мець даведку аб тым, што вы разьведзены(-ая) ці нежанаты (ня замужам). Мы паспрабавалі высьветліць гэты нюанс у беларускім МЗС і пазванілі на «прамую лінію» і ў консульства Беларусі ў Літве. Там прызнаюцца, што таксама не да канца разумеюць усе нюансы новага ўказу.

Неабходнасьць такой даведкі ўказаная ў пераліку дакумэнтаў, патрэбных для рэгістрацыі шлюбу. Але іх консульства больш не выдае. Даведку давядзецца браць у Беларусі асабіста або па даверанасьці, аформленай там. Гэта пацьвярджаюць і ў консульстве Беларусі ў Літве.

Тое самае і з працэдурай скасаваньня шлюбу. Паводле ўказу, консульствы гэта могуць рабіць, але для гэтага неабходна пасьведчаньне аб шлюбе, якога консульствы не выдаюць. Калі яно ёсьць на руках, скасаваць шлюб можна.

Даведка аб несудзімасьці

Такі дакумэнт консульствы працягнуць выдаваць за мяжой. Гэта пацьвярджаюць у консульстве Беларусі ў Літве.

Што яшчэ можна будзе зрабіць у консульстве беларусу

У консульстве ўсё яшчэ можна стаць на консульскі ўлік ці зьняцца зь яго. Атрымаць пасьведчаньне, каб вярнуцца ў Беларусь (дакумэнт для разавага ўезду як альтэрнатыва пашпарту, калі яго тэрмін скончыўся альбо пашпарт быў згублены). Таксама консульствы могуць засьведчыць сапраўднасьць копій дакумэнтаў і подпісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дыплямат тлумачыць, што беларусам рабіць без дакумэнтаў. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, зь якімі праблемамі сутыкнуліся пасьля новага ўказу Лукашэнкі