Указ Лукашэнкі ад 4 верасьня абмяжоўвае паўнамоцтвы дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Там прапісана мера, паводле якой пашпарты маюць выдаваць не дыпляматычныя прадстаўніцтвы, а органы МУС па месцы рэгістрацыі. Указ пакуль не набыў моцы, і консульствы ўсё яшчэ запісваюць на прыём для замены пашпарта.
Як вынікае з указу, выдаваць пашпарты сэрыі PP (для тых, хто мае сталы дазвол на жыхарства у замежных краінах) консульствы змогуць. Мы пагаварылі з былым супрацоўнікам дыпляматычнага корпусу, які пацьвердзіў, што, згодна з новым указам, пашпарты могуць перастаць выдаваць беларусам з часовым дазволам на жыхарства. Аднак, паводле былога дыплямата, варта пачакаць тлумачэньняў. Таксама ўказ абмяжоўвае выдачу даверанасьцяў на продаж маёмасьці ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьмяніў парадак выдачы беларусам дакумэнтаў за мяжой. Што сказалі ў консульствах?Якія існуюць альтэрнатывы беларускаму пашпарту
Зусім безь беларускага пашпарта пражыць за мяжой можна. У некаторых эўрапейскіх краінах для ўладальнікаў дазволаў на жыхарства існуе альтэрнатыва.
- Жэнэўскі пашпарт
Калі чалавек падаецца на міжнародную абарону, гэта значыць атрымлівае статус уцекача, ён можа атрымаць дакумэнт, прадугледжаны Жэнэўскай канвэнцыяй. Такі дакумэнт дае міжнародную абарону і дазваляе падарожнічаць бязь дзейнага пашпарта якой-кольвек краіны, у тым ліку Беларусі.
Пачаць працэдуру атрыманьня статусу ўцекача можна, зьвярнуўшыся ў паліцыю краіны, дзе знаходзіцца эмігрант.
- Трэвэл-пашпарт
Такі варыянт існуе ў Літве і Польшчы. Пры наяўнасьці дазволу на жыхарства, пастаяннага або часовага, можна атрымаць трэвэл-дакумэнт — своеасаблівую альтэрнатыву пашпарту, зь ім можна падарожнічаць. Трэвэл-пашпарт дзейнічае столькі ж, колькі і дазвол на жыхарства. Працэдура атрыманьня трэвэл-дакумэнтаў адрозьніваецца ў розных краінах. У Літве гэта можа займаць некалькі тыдняў. У Польшчы беларусаў вызвалілі ад аплаты за дакумэнт.
Трэвэл-пашпарты выдаюць тыя ж органы, якія займаюцца выдачай дазволаў на жыхарства. Варта памятаць, што трэвэл-пашпарт не прыраўноўваецца да пашпарта грамадзяніна, ён дазваляе толькі перамяшчацца за межы краіны, якая яго выдала.
- «Пашпарт новай Беларусі» — пад пытаньнем
Нядаўна беларускія дэмакратычныя сілы прэзэнтавалі праект так званага пашпарта «новай Беларусі» — альтэрнатыўнага афіцыйнаму беларускаму пашпарту дакумэнта. Пакуль гэта толькі ідэя: як ён будзе дзейнічаць і ці зможа замяніць беларускі пашпарт, незразумела. Па словах юрыстаў, асноўная праблема «пашпарта новай Беларусі» — міжнароднае прызнаньне. Дакумэнт мусіць атрымаць міжнародны код, безь яго ім немагчыма будзе карыстацца на межах краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пэрспэктывы ў пашпарта «Новай Беларусі». Разьбіраемся зь юрысткай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымаць можна толькі на радзіме». У амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне незалежнай журналістцы не аддалі зроблены пашпарт