Сям’я вядомых абаронцаў моўных правоў беларусаў Аліны Нагорнай і Ігара Случака вымушана пакінула свой дом на пэўны час. Неўзабаве на падворку сталі «гаспадарыць» іншыя людзі, выносячы карысныя для сябе рэчы.
Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце мянушкай «моўны інспэктар», юрыст па адукацыі, які шмат гадоў зьвяртаецца да органаў улады і прадпрыемстваў з просьбай шанаваць беларускую мову і выконваць патрабаваньні «Закону аб мовах», а таксама Канстытуцыі, напісаў пра падзеі ў сваёй гаспадарцы на сваёй старонцы ў фэйсбуку, саркастычна назваўшы тое, што адбылося, «гісторыяй беларускай салідарнасьці».
«Калі мы былі вымушаны зьехаць са свайго дому, домік некаторы час стаяў спакойна і чакаў нас. Але празь некаторы час мясцовыя жыхары, нашыя родныя сяляне, для якіх мы зрабілі дарогі, чыстую ваду, добрае напружаньне ў электрасетках, бясьпечныя пераходы, пазбавілі вёску ад дзесяцігодзьдзямі накіданых гор сьмецьця, аб чыім жыцьці мы клапаціліся падчас кавіду, наогул спрабавалі рабіць нешта добрае, вырашылі нам за гэта ў выніку адзьдзячыць.
Зразумеўшы, што хутка мы ня вернемся, спачатку яны пакралі з падворку ўсе мэталічныя рэчы і, самае крыўднае, самаробны мангал. Пасьля чарга дайшла да гаспадарчых пабудоваў — зь іх таксама павыносілі ўсё, што больш-менш мэталічнае. Прайшло яшчэ крыху часу, і чарга дайшла да плоту зь сеткі-рабіцы — яго таксама зьнесьлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Ігар Случак выдаў кнігу «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы»Ігар Случак піша, што гэта яго ня надта зьдзівіла, бо пра такія рэчы, што адбыліся зь ім, ён раней ужо чытаў.
«Пра гэта яшчэ 100 год таму напісаў Сіланпя ў сваёй „Праведнай галечы“, што апісвала жыцьцё фінскіх сялянаў і за якую ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. І гэта пакідае спадзеў, што праз час і ў нас будзе як у Фінляндыі, і мангал быў скрадзены і пераплаўлены ў Белджы недарма».
Случак мяркуе, што варта і надалей «працаваць з гэтымі і іншымі людзьмі, нават калі яны гэтага зараз ня хочуць і зараз гэта ім не патрэбна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму даспадобы моўныя стандарты Лукашэнкі. Яшчэ раз пра дзяржаўнае двумоўе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: беларуская мова ў Facebook