Больш за 100 чалавек атрымалі раненьні падчас беспарадкаў на поўдні Тэль-Авіву ў суботу пасьля таго, як амбасада Эрытрэі паспрабавала правесьці сваё мерапрыемства. Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што неаднаразова зьвярталіся ў паліцыю, каб паспрабаваць перашкодзіць амбасадзе правесьці яго, піша The Jerusalem Post.
Сутычка ўспыхнула паміж праўладнымі і антыўрадавымі дэманстрантамі, а таксама паліцыяй.
Удзельнікі антыўрадавых пратэстаў даўно скардзяцца на спробы амбасады сачыць за ўцекачамі з Эрытрэі. Пастаянныя спрэчкі з ізраільскім урадам наконт статусу ўцекача і атрыманьня прытулку таксама называліся дэманстрантамі як тлумачэньне таго, чаму ўсчаліся беспарадкі.
На мінулым тыдні швайцарская газэта St. Galler Tagblatt паведаміла, што амбасада Эрытрэі накіроўвала шпіёнаў пад выглядам уцекачоў, каб вымагаць грошы ў землякоў у Ізраілі. Газэта паведамляла пра некалькі гісторый людзей, якія ўцяклі з краіны, якіх высочвалі і пагражалі вярнуць «даўгі» або «падаткі», якія яны вінныя на радзіме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што Расея сьпісала краінам Афрыкі даўгі на $23 мільярды. Але афрыканцы ўсё роўна запатрабавалі спыненьня вайныЭрытрэю часта называюць «Паўночнай Карэяй Афрыкі» за яе драконаўскі і таталітарны рэжым. Краінай з пачатку 1990-х гадоў кіруе прэзыдэнт Ісаяс Афвэркі, з таго самага часу, калі Эрытрэя атрымала незалежнасьць ад Этыёпіі. За гэтыя 30 гадоў Афвэркі пасадзіў і забіў многіх сваіх палітычных апанэнтаў.
Прызыў на вайсковую службу зьяўляецца ў гэтай дзяржаве абавязковым, і ўсе грамадзяне, мужчыны і жанчыны, абавязаны служыць у войску. У адрозьненьне ад Ізраілю ці іншых краін з абавязковым прызывам, прызыў у войска Эрытрэі бестэрміновы, і гэта прымушае людзей уцякаць з краіны, шукаючы паратунку ад прымусу.
Прызыў можа быць вайсковым або цывільным, але адзінае выйсьце з сытуацыі — шлюб і нараджэньне дзяцей для жанчын, а таксама хваробы, інваліднасьць і «добрыя сувязі», што фактычна азначае хабарніцтва. ААН параўнала эрытрэйскую сыстэму з прымусовай працай або рабствам.
З дапамогай сваіх дыпляматай за мяжой, у прыватнасьці ў Ізраілі, цяперашні рэжым у Эрытрэі намагаецца адпомсьціць уцекачам з краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэты ў Ізраілі выйшлі з чорнымі першымі палосамі