Украінскія войскі прарвалі першую абарончую лінію Расеі каля Запарожжа пасьля некалькіх тыдняў карпатлівага разьмінаваньня, і чакаюць больш хуткіх посьпехаў, калі націснуць на больш слабую другую лінію, заявіў генэрал, які вядзе паўднёвы контранаступ.
Брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі падлічыў, што Расея прысьвяціла 60% свайго часу і рэсурсаў будаўніцтву першай лініі абароны і толькі па 20% кожнай лініі другой і трэцяй лініі, таму што Масква не чакала, што ўкраінскія войскі праб’юцца нават скрозь першую, піша The Observer.
«Цяпер мы знаходзімся паміж першай і другой лініямі абароны», — сказаў ён у сваім першым інтэрвію пасьля прарыву. Ён заявіў, што ўкраінскія войскі цяпер дзейнічаюць з абодвух бакоў прарванай лініі і ўмацоўваюць тэрыторыю, адваяваную ў нядаўніх баях.
«Цяпер у цэнтры наступу мы завяршаем зьнішчэньне частак праціўніка, якія прыкрывалі адыход расейскіх войскаў за другі рубеж абароны».
Велізарнае міннае поле затрымала ўкраінскіх вайскоўцаў на працягу некалькіх тыдняў, пакуль сапэры пяхоты павольна расчышчалі пешы шлях штурму. Расейскія войскі ззаду «проста стаялі і чакалі ўкраінскае войска», абстрэльваючы машыны снарадамі і бесьпілётнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковыя экспэрты ЗША: «Праўдападобна, украінцы прабілі першую лінію расейскіх мінных палёў і ўмацаваньняў»Але цяпер гэты бар’ер пераадолены, расейцы вымушаныя пачаць манэўры, а ўкраінцы вярнуліся на сваіх танках і іншай бранятэхніцы. У знак таго, што Масква адчувае ціск, яна перадысьлякавала войскі ў раён зь лініі фронту ўнутры акупаванай Украіны — Херсон на захадзе і Ліман на паўночным усходзе — а таксама з тэрыторыі Расеі, сказаў Тарнаўскі.
Спэцыяліст па танках, Тарнаўскі мае ўражлівы паслужны сьпіс у баях з расейскімі войскамі з моманту пачатку паўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. У верасьні мінулага году яго прызначылі камандуючым войскамі, якія змагаліся за вызваленьне Херсону. Праз два месяцы горад вызвалілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская выведка назвала сумы, якія Масква прапануе наймітам за ўдзел у вайне супраць УкраіныІснавалі надзеі на такі ж хуткі прагрэс у летнім контранаступе, мэтай якога было наступленьне ў бок Азоўскага мора, адразаньне расейскіх войскаў у Херсоне і акупаваным Крыме ад іншых сіл і разрыў іх ліній забесьпячэньня.
Замест гэтага ён спыніўся на некалькі месяцаў, страты растуць, але лініі фронту, відаць, стаяць, падсілкоўваючы незадаволенасьць і крытыку ў заходніх сталіцах, якія прадаставілі зброю і навучаньне. Але генэрал Тарнаўскі гаворыць, што прычынай гэтаму — неабходнасьць разьмінаваньня вялікіх абшараў, якія пасьпелі замінаваць расейцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стаміліся ад вашай вайны». Калі надыходзіць момант, пасьля якога ваяваць больш немагчымаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.