Пра гэта распавёў агенцтву Reuters галоўнакамандуючы ВМС Нямеччыны віцэ-адмірал Ян Крысьціян Каак.
У вучэньнях, якія пачнуцца 9 верасьня і працягнуцца два тыдні, прымуць удзел 30 караблёў і каля 3 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з Фінляндыі, якая стала сябрам NATO толькі сёлета, і са Швэцыі, якая пакуль не завяршыла працэс далучэньня да NATO.
У вучэньнях прымуць удзел ня толькі чальцы альянсу з Эўропы, але і ЗША і Канада. З ЗША прыбудзе баявы карабель Mesa Verde, на борце якога могуць знаходзіцца 800 марскіх пяхотнікаў. Вучэньні будуць праходзіць у асноўным ля берагоў Эстоніі і Латвіі.
Паводле Яна Крысьціяна Каака, такім чынам краіны NATO «пасылаюць Расеі выразны сыгнал».
«Эфэктыўнае стрымліваньне [агрэсіі] прадугледжвае і здольнасьць атакаваць», — адзначыў галоўнакамандуючы ВМС Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачаліся вучэньні АДКБ. Што пра іх вядомаПаводле яго, адна з найважнейшых задач вучэньняў — гарантаваньне бясьпекі марскіх шляхоў у Балтыйскім моры.
Ён адзначыў, што ў выпадку блякаваньня Сувалкскага калідора, які зьвязвае краіны Балтыі з Польшчай, забесьпячэньне Літвы, Латвіі і Эстоніі можа ажыцьцяўляцца толькі па моры. Пры гэтым, паводле Яна Крысьціяна Каака, блякаваць Сувалкскі калідор даволі проста: празь яго праходзяць усяго дзьве аўтадарогі і адна чыгуначная лінія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія пачала вучэньні паблізу беларускай мяжы, накіраваныя «на ўмацаваньне нацыянальнай і калектыўнай бясьпекі NATO»