Паводле абменнага курсу даляра да расейскага рубля ў 2022 годзе гэта прыблізна 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў.
Паводле зьвестак выданьня, гаворка ідзе пра амаль 150 кампаній. «Гэта толькі бачная частка бізнэс-імпэрыі, але нават яна супастаўная зь бізнэсам расейцаў, якія замыкаюць сьпіс 200 найбагацейшых прадпрымальнікаў па вэрсіі Forbes», — сьцьвярджае выданьне. Кампаніі з падобнай выручкай, як правіла, належаць асобам, якія маюць каля паўмільярда даляраў.
Як піша «Агенцтва», усяго ўдалося выявіць 149 расейскіх юрыдычных асоб, якія кантраляваліся самім Прыгожыным, яго сваякамі або набліжанымі, або былі цесна зьвязаныя зь фірмамі Прыгожына. Сукупная выручка гэтых кампаній — 75 мільярдаў расейскіх рублёў.
Выданьне нагадвае пра словы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр» казаў пра тое, што толькі адна кампанія «Канкорд» летась, пастаўляючы прадукты харчаваньня ў войска, зарабіла каля 80 мільярдаў расейскіх рублёў (па тагачасным курсе — больш за 1,2 мільярда даляраў). Праверыць, ці адпавядаюць гэтыя словы рэчаіснасьці, немагчыма — у справаздачнасьці пра такія даходы не гаворыцца. Недаступная і любая фінансавая справаздачнасьць, зьвязаная з ПВК «Вагнэр» — юрыдычна гэтай арганізацыі наогул не існуе.
Пры гэтым кампаніі Прыгожына сапраўды зараблялі, як правіла, на дзяржаўных замовах, у тым ліку і на пастаўках прадуктаў для вайскоўцаў і школаў. З пачаткам вайны ва Ўкраіне выручка фірмаў, зьвязаных з пастаўкамі, павялічылася.
Пасьля гібелі Прыгожына ў авіякатастрофе 23 жніўня шэраг СМІ і тэлеграм-каналаў пісалі пра тое, што лёс бізнэс-імпэрыі заснавальніка ПВК «Вагнэр» няясны. Мяркуючы па адкрытых крыніцах, зьвязаныя зь ім кампаніі пакуль не мяняюць уласьнікаў, аднак дзьве структуры ў канцы жніўня падалі на ліквідацыю. Яшчэ больш туманны лёс замежных актываў, зьвязаных з Прыгожыным. У лютым Financial Times пісала, што Прыгожын на канец 2021 году мог атрымаць даход у памеры 250 млн даляраў ад дзейнасьці кампаній, якія займаюцца здабычай прыродных рэсурсаў у краінах Афрыкі і Блізкага Ўсходу.
Яўгеній Прыгожын і шэраг яго набліжаных загінулі 23 жніўня пры крушэньні прыватнага самалёта над Цьвярской вобласьцю, якое адбылося пры нявысьветленых абставінах. Адна зь неафіцыйных вэрсій — выбух на борце, выказваліся і здагадкі, што самалёт быў зьбіты.
Журналіст Андрэй Захараў і агенцтва Bloomberg сьцьвярджалі, што пасьля няўдалага мяцяжу 24 чэрвеня структуры, зьвязаныя зь Міністэрствам абароны Расеі, пачалі выцясьняць ПВК «Вагнэр» з Сырыі і Афрыкі, што ў пэрспэктыве прывяло б да страты Прыгожыным значнай часткі даходаў.
Your browser doesn’t support HTML5