Новая атака дронамі на Расею: у Маскве скасавалі 23 авіярэйсы і 61 затрымалі. Ва Ўкраіне — ахвяры ад расейскіх абстрэлаў

Бесьпілётнік самалётнага тыпу. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскай выведцы заявілі, што свае атакі на расейскія аб'екты ажыцьцяўляюць з тэрыторыі Расеі.

Трэці дзень запар у Расеі сродкі супрацьпаветранай абароны змагаюцца зь бесьпілётнікамі.

У ноч на 1 верасьня і раніцай кіраўнікі адразу некалькіх расейскіх рэгіёнаў заявілі аб зьбіцьці дрона. Ва ўкраінскай выведцы заявілі, што свае атакі на расейскія аб'екты ажыцьцяўляюць з тэрыторыі Расеі.

Працу маскоўскіх аэрапортаў заблякавалі на дзьве гадзіны

У трох маскоўскіх аэрапортах — «Унукава», «Дамадзедава» і «Шарамецьева» не змаглі вылецець 23 самалёты. Яшчэ 61 рэйс адклалі праз новую атаку дронамі. Цяпер аэрапорты аднавілі працу ў штатным рэжыме.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што сродкі СПА побач зь Люберцамі зьбілі бесьпілётнік. Паводле яго, пацярпелых і разбурэньняў няма, але на месца здарэньня накіравалі экстраныя службы.

Украінскія СМІ сьцьвярджаюць, што пад Масквой у выніку атакі бесьпілётніка загарэўся цэх па вытворчасьці электронікі для ракет.

Яшчэ адзін бесьпілётнік зьбілі над тэрыторыяй Белгарадзкай вобласьці.

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт паведаміў аб атацы бесьпілётнікамі на горад Курчатаў, дзе знаходзіцца Курская АЭС. Паводле яго, у выніку працы СПА пашкоджаньні атрымалі адзін адміністрацыйны і адзін жылы будынкі. Іншых падрабязнасьцяў пакуль няма.

Расея нанесла ракетны ўдар па Віньніцкай вобласьці

Расейскія войскі атакавалі Віньніцкую вобласьць. Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, у ноч на 1 верасьня Расея запусьціла з акваторыі Чорнага мора дзьве крылатыя ракеты «Калібр». Адну ракету змаглі зьнішчыць украінскія сродкі супрацьпаветранай абароны, а другая ўпала ў Віньніцкай вобласьці.

Улады Віньніцкай вобласьці паведамілі, што ракета пацэліла ў прыватнае прадпрыемства — зьнішчана маёмасьць і аўтамабілі.

Расея за апошнія содні нанесла больш за 40 авіяўдараў па Ўкраіне

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі цягам апошніх 24 гадзін нанесьлі адзін ракетны і 44 авіяцыйныя ўдары па населеных пунктах Украіны і пазыцыях украінскіх войскаў.

Ад абстрэлаў цярпяць памежныя з Расеяй рэгіёны — Сумская, Харкаўская і Чарнігаўская вобласьці. У выніку атак пашкоджаньні атрымалі прыватныя жылыя будынкі і аб’екты інфраструктуры. Ёсьць параненыя сярод цывільных. У прыфрантавых Данецкай і Херсонскай абласьцях мінімум двое грамадзян загінулі.

На фронце, паводле ўкраінскага Генштабу, адбылося 25 баявых сутыкненьняў.