Ён таксама выступіў супраць таго, каб працэс пачаўся як мага раней (як просяць некаторыя іншыя абвінавачаныя ў гэтай справе) і папрасіў вылучыць яго справу ў асобнае вядзеньне. Заява аб непрызнаньні віны азначае, што Трамп, які прэтэндуе на вылучэньне сваёй кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта ад Рэспубліканскай партыі ў 2024 годзе, можа не зьяўляцца асабіста ў суд на наступным тыдні, калі яму будуць афіцыйна выстаўляцца абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп сабраў ужо 7 мільёнаў даляраў ад продажу «турэмных» сувэніраў. Грошы ідуць на прэзыдэнцкую кампаніюАбвінавачаньні зьвязаныя з аспрэчваньнем Трампам вынікаў выбараў прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе, калі ў Джорджыі ён зь невялікім адрывам саступіў дэмакрату Джо Байдэну. У абвінаваўчым заключэньні сьцьвярджаецца, што Трамп і зьвязаныя зь ім людзі аказвалі ціск на чыноўнікаў штату з мэтай зьмяніць вынікі галасаваньня і прызначыць чальцоў калегіі выбарнікаў, якія галасавалі б за Трампа, а не за Байдэна.
Абвінавачаньне, выстаўленае ў сярэдзіне жніўня, стала чацьвёртым крымінальным абвінавачаньнем супраць былога прэзыдэнта. Справа, адкрытая ў Вашынгтоне, таксама зьвязаная са спробай аспрэчыць вынікі выбараў, у тым ліку са штурмам Капітолія 6 студзеня 2021 году. Працэс у гэтай справе пачнецца ў сакавіку наступнага году, у разгар рэспубліканскіх праймерыз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адмовіўся прызнаць віну за спробу скасаваць вынікі выбараў, яго пакінулі на воліТаксама ў сакавіку Трамп паўстане перад судом штату Нью-Ёрк у справе аб выплаце грошай порнаактрысе, а ў траўні — перад фэдэральным судом у Флорыдзе ў справе аб неналежным абыходжаньні з фэдэральнымі сакрэтнымі дакумэнтамі. Ні ў адной з чатырох справаў ён не прызнаў сябе вінаватым. Ён абвінавачвае адміністрацыю Байдэна ў палітычным перасьледзе.
Пракуроры акругі Фултан у Джорджыі дамагаюцца пачатку судовага працэсу ў кастрычніку. Адвакаты Трампа выступаюць за тое, каб суд пачаўся ўжо пасьля выбараў 2024 году, у якіх былы прэзыдэнт спадзяецца ўзяць удзел. Паводле апытаньняў, ён зь вялікім адрывам лідзіруе ў барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ад рэспубліканцаў, нягледзячы на крымінальныя справы. Выстаўленьне абвінавачаньняў і ўдзел у судах не зьяўляецца перашкодай для балятаваньня на выбарах.