Дырэктараў, якія не выплачваюць ці затрымліваюць супрацоўнікам заробак, не выпускаюць за мяжу.
Пракуратура ініцыюе працэс, часовае абмежаваньне на выезд выпісвае суд. Пасьля ліквідацыі запазычанасьці забарона здымаецца.
Як піша прапагандыст з тэлеканалу АНТ Ігар Тур, сёлета ў рэгіёне права на выезд зь Беларусі ўжо абмяжоўвалі 11 кіраўнікам і заснавальнікам кампаній. Ён жа дадаў, што памочнікам Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці працуе экс-кіраўнік КДБ Беларусі, генэрал Валер Вакульчык.
А што ў законе пра гэта
Беларускі спэцыяліст у юрыспрудэнцыі пракамэнтаваў для Свабоды гэтую ініцыятыву ўладаў:
«Артыкул 7 закону „Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь“ — адной з падстаў для часовага абмежаваньня права на выезд грамадзяніна мае пункт „ён зьяўляецца службовай асобай даўжніка — юрыдычнай асобы па выканаўчай вытворчасьці, якая не выконвае без уважлівых прычын патрабаваньня, якія зьмяшчаюцца ў выканаўчых дакумэнтах“.
Таму так, гэта на падставе закону. Але ёсьць пытаньні з пункту гледжаньня свабоды перамяшчэньняў: кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, у тым ліку сваю ўласную.
Гэта права ня можа быць аб’ектам ніякіх абмежаваньняў, акрамя тых, якія прадугледжаны законам, неабходным для аховы дзяржаўнай бясьпекі, грамадзкага парадку, здароўя або маральнасьці. Абмежаваньне прызнаванага пактам права грамадзян на выезд у інтарэсах крэдытораў юрыдычных асоб, якімі кіруюць гэтыя грамадзяне, не выглядае прапарцыйнай мерай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь 1 верасьня ў Беларусі павысяць базавую стаўку. Ад яе залежаць заробкі бюджэтнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замкнёныя ва ўласных межах». Якую «самадастатковасьць» рыхтуе Лукашэнка беларусам у адгароджанай ад сьвету краіне