Зь 1 верасьня памер базавай стаўкі павялічаць да 235 рублёў (на 7 рублёў), вынікае з пастановы Савета міністраў Беларусі № 546 ад 18 жніўня.
Папярэдні раз урад падвышаў базавую стаўку 1 студзеня — да 228 рублёў (на 7,5%). Цяпер яна вырасьце крыху больш чым на 3%.
Да базавай стаўкі прывязаныя заробкі работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсыдыі і работнікі якіх прыраўноўваюцца ў аплаце працы да бюджэтнікаў.
У 2022 годзе базавую стаўку падвышалі пяць разоў: з 1 сакавіка — да 208 рублёў, з 1 красавіка — да 209, з 1 траўня — да 210, з 1 верасьня — да 211, з 1 лістапада — да 212.