Стартуе новы сэзон папулярнага ютуб-каналу «Чын-Чын-Чэнэл». 31 жніўня выйдзе кароткамэтражка «Чын-Чыны праляцелі зязюляй». Пагаварылі з чальцамі каманды, ці ёсьць у іх аналёгіі з Кізі і Форманам і куды Чын-Чыны паляцяць восеньню.
«Чын-чыны праляцелі зязюляй» — ігравы фільм, у якім будзе раскрытая страшная тайна Алены ЖалудOk. Дзеяньні адбываюцца ў Лядзкай псыхіятрычнай лякарні, куды прыехалі чыноўнікі, каб прымусіць вядомую выканаўцу патрыятычных сьпеваў Алену ЖалудOk выступіць на дзяржаўным мерапрыемстве. А ў яе прапаў голас.
Што за праект «Чын-Чын-Чэнэл»
Паводле прызнаньня аднаго са стваральнікаў «ЧынЧынЧэнэла» актора Міхаіла Зуя, сцэнкі пра беларускіх чыноўнікаў пачаліся яшчэ гадоў 7 таму — з «капусьнікаў» у Купалаўскім тэатры, дзе ён тады працаваў. На першы паказ «Чын-Чын-Чэнэла» прыйшлі беларускія чыноўнікі і нават міністры. І ім нібыта спадабалася сатыра, нават адзін высокі чыноўнік зь Мінкульту сказаў: «Хлопцы, як здорава вы нас прапясочылі!».
Пасьля падзеяў 2020 году каманда «Чын-Чынаў» перажыла дзьве рэлякацыі: зь Беларусі ва Ўкраіну, а потым з Украіны ў Польшчу і Нямеччыну, расказала прадусарка Марыя Савушкіна.
«Зараз мы працягваем працаваць для беларускай аўдыторыі, таму што верым, што гумар і сатыра — гэта ўнівэрсальная зброя супраць прапаганды, хлусьні і афіцыёзу дзяржаўных мэдыя.
Новы фільм — гэта вострая палітычная сатыра, створаная ў стылі беларускіх дзяржаўных СМІ. Аўтары выкарыстоўваюць лёгіку прапагандысцкіх каналаў і прапануюць гледачам свой сюжэт — містычны, дэтэктыўны і абсурдны», — кажа Марыя Савушкіна.
«Зязюлю» зрабілі з падручных сродкаў, «на абшчэственных началах»
Рэжысэр, аўтар сцэнароў, апэратар «ЧынЧынЧэнэла» Андрэй Кашперскі, яшчэ калі вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў, стаў ляўрэатам прэзыдэнцкай стыпэндыі. «Прадстаўнік таленавітай моладзі» пасьпеў папрацаваць на «Беларусьфільме».
Калі пачалася вайна Расеі з Украінай, працаваў з камандай «ЧынЧын» у Львове, здымаў сэрыял «Тут быў Ленін» пра горад Шчучыншчынск, дзе нібыта зьнік помнік Леніну. З Украіны каманда мусіла рэлякавацца.
Прадусарцы Марыі Савушкінай, якая пераехала ў Нямеччыну, удалося арганізаваць для ўсёй каманды на месяц творчую рэзыдэнцыю ў замку Бролін, дзе можна было прыдумаць любы праект: пэрформанс, карціну, музыку, спэктакль, і ўвасобіць яго ў жыцьцё, — узгадвае Андрэй Кашперскі.
«Мы туды прыехалі, каб аднавіць канал „ЧынЧынЧэнэл“. Прыдумалі сэрыю інтэрвію на ютубе з „сэлебрыці“. Праект называўся „На кавёр!“: запрасілі музыкаў Юрыя Стыльскага, Маргарыту Ляўчук, пісьменьніка Сашу Філіпенку, блогера Джыпсінкова ды іншых.
Калі трэба было разьяжджацца, зь Мішам Зуем вырашылі, што трэба яшчэ штосьці зьняць. Але не было сцэнару», — расказвае Андрэй.
Яны зь Міхаілам дамовіліся раніцай сустрэцца, хуценька прыдумаць сцэнар і зьняць фільм. Выпілі кавы і, вандруючы па рэзыдэнцыі — старажытным замку Бролін, наткнуліся на будучыя лякацыі нашага фільму.
«Нам падалося, што гэты замак вельмі падобны да псыхіятрычнай лякарні! Так што ня столькі Мілаш Форман (рэжысэр, які зьняў знакаміты аскараносны фільм „Палёт над гняздом зязюлі“. — РС), колькі сам замак Бролін падштурхнуў зрабіць фільм пра псыхіятрычную лякарню.
І закруцілася: „Тут павінна сьпяваць і танцаваць Алена ЖалудOk, сюды па яе павінны прыехаць чыноўнікі, якія пажадалі зрабіць Алене лябатамію...“. Максымум за 3 гадзіны мы напісалі сцэнар фільму, у той жа дзень зьнялі сцэны з чыноўнікамі, на наступны — з Аленай ЖалудOk, яе таямнічай сястрой, санітарам, і пару дзён здымалі дэталі: жывёлаў, замак, прыроду», — узгадвае Андрэй Кашперскі.
Сцэнар, здымкі — усё зроблена на адной хвалі, на адным дыханьні, з натхненьнем, прызнаецца Міхаіл Зуй.
«„Зязюлю“ сапраўды зрабілі з падручных сродкаў, „на абшчэственных началах“ — нямецкі замак натхніў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я так і не зразумеў, што адбылося са «Шчучыншчынай». Вялікая гутарка з купалаўцам Міхаілам ЗуемБудзе і новая песьня — «Лядзкая псыхіятрычная»
А вось музыку для фільму Зуя натхніў напісаць Кашперскі: на думку рэжысэра, у фільме не хапала музычнага акцэнту, песьні.
«Міша вельмі музычны чалавек, ён граў ажно ў трох музычных гуртах: „Дзеці дзяцей“, „Альбо-альбо“ і „Зуі“. Я спачатку пазнаёміўся зь ім як з музыкам. Алену Вайцяхоўскую ведаў, а хто такі Міша — не. Сустрэўся з Аленай, яна кажа, што галоўны музыка тут Міша. Пазнаёміліся, у нас адразу супалі густы. Я адчуў зь першай нашай сустрэчы, што ў яго ёсьць талент кампазытара. У нас зьявіліся „Шчучыншчына“, „Дзекаць і цекаць“, „Кедышкі“.
А цяпер будзе новая песьня „Лядзкая псыхіятрычная“, якая цалкам інтэграваная ў фільм і, як у сапраўдным м’юзыкле, адлюстроўвае ўсе павароты фільму».
Міхаіл Зуй прызнаецца, што ў гэтым праекце каманда наагул крыху хуліганіць з эстэтыкай.
«Музыку мы рабілі такую артадаксальную — аж да іранічнасьці. Па пазнавальных музычных штампах, па прыёмах, якія часта выкарыстоўваюцца ў кіно. Мне самому спадабалася».
«Гумар і актуальнасьць зацьмяваюць страх»
Палітычная сатыра — рэч небясьпечная, тым больш у Беларусі. Ці не баіцца каманда «Чын-Чынаў», што іх прадукцыю пачнуць «заблюрваць», «запікваць», як часьцяком здараецца з самымі бяскрыўднымі фільмамі, кшталту апошняга сэрыялу пра «Песьняроў»?
Рэжысэр Андрэй Кашперскі на гэтае пытаньне адказаў так:
«Я не баюся, бо шчыра веру ў тое, што раблю, што гэта можа дапамагчы сілам дабра. Гумар і актуальнасьць зацьмяваюць страх і дапамагаюць са страхам змагацца».
На думку Андрэя Кашперскага, сэрыял-анталёгія «Працэсы», які хутка выйдзе на Белсаце, больш востры, сур’ёзны і жорсткі. Адна сэрыя, якую паказалі на фэстывалі Bulbamovie ў Варшаве, — пра тое, як у Беларусі скончыліся месцы ў турмах, і АМАПаўцаў прымусілі ўзяць да сябе на «ператрымку» арыштаваных на 15 сутак.
У канцы верасьня «Працэсы» каманда павязе ў ЗША на трэці жанравы «Austin Film Festival», — кажа рэжысэр.
«А „Чын-Чыны праляцелі зязюляй“ выглядае на яго фоне як дзіцячы фільм таго самага рэжысэра — прэзыдэнцкага ляўрэата, які ў 18 гадоў паступіў у Акадэмію мастацтваў, сышоў працаваць на „Беларусьфільм“ і нібыта там і застаўся, і з усёй гэтай эстэтыкай зьняў кіно, якое нібыта стала само па сабе пратэставаць.
Мне падабаецца, што „Чын-Чыны праляцелі зязюляй“ пры ўсёй сваёй вастрыні — такое хуліганскае, крыху дзіцячае наіўнае кіно рэжысэра, які хацеў бы здымаць для мас, каб гледачы пасьмяяліся, паперажывалі, пашукалі разгадку, і, канечне ж, паслухалі цудоўную песьню. Таму я не баюся, я натхнёны тым, што раблю», — кажа Андрэй Кашперскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сеціве зрабілася віруснай пародыя беларускай каманды «ЧынЧынЧэнэл» на мантажаваныя відэа дзяржаўнай тэлевізііЧын-Чыны возьмуць Бэрлін і апрануцца ў мундзіры
Пасьля «Зязюлі», якая «паляціць» 31 жніўня, чакаюцца новыя праекты: «Чын-Чыны на колах», «Чын-Чыны ў мундзірах», «Чын-Чыны бяруць Бэрлін», — падзяліўся плянамі ChinChin Production Міхаіл Зуй.
«Гэта будзе 40-хвілінная кароткамэтражка пра прыгоды Чын-Чынаў у Бэрліне. Там яны сутыкнуцца з усімі праявамі заходняга жыцьця. Бо тое, што паказваюць па Беларускім тэлебачаньні, аказалася праўдай. Розныя вычварэнцы па вуліцах ходзяць, няма дзе шукаць праўды, толькі беларускія Чын-Чыны сваёй рукой наводзяць парадак і паказваюць, што такое сапраўдная ўлада, сумленныя чыноўнікі зь дзьвюх вялікіх літар „Ч“.
Ёсьць задумкі зрабіць „Чын-Чыны ў мундзірах“, дзе чыноўнікі паказваюць сваю маладзецкую воінскую зухаватасьць, гатовыя ісьці на перадавую, каб абараніць свае ідэалы і ідэалёгію. Нашы Чын-Чыны пераапрануцца ў мундзіры і стануць добраахвотнікамі», — падзяліўся бліжэйшымі плянамі Міхаіл Зуй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта частка барацьбы супраць бессэнсоўнай вайны», — аўтары «ЧынЧынЧэнэл» пра сатыру як тэрапіюПрэмʼера фільму «Чын-Чыны праляцелі зязюляй» чакаецца ў чацьвер, 31 жніўня ў 11.00.
Фільм можна будзе паглядзець з ангельскімі субтытрамі.
Зорная каманда «Чын-Чынаў»:
- Міхаіл Зуй — актор, аўтар сцэнару, аўтар музыкі,
- Дзьмітры Есяневіч — актор, аўтар сцэнару,
- Алена Зуй-Вайцяхоўская — актрыса, аўтарка і выканаўца сьпеваў,
- Андрэй Кашперскі — рэжысэр, аўтар сцэнару, апэратар,
- Андрэй Каралевіч — выканаўчы прадусар,
- Нэла Агрэніч — актрыса, дызайнэр,
- Серж Навіцкі — мэнэджар сацыяльных сетак.