Швайцарыя далучылася да экспартных санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Швайцарскі парлямэнт, Бэрн

Швайцарыя прыняла рашэньне аб увядзеньні дадатковых санкцыяў адносна Беларусі, каб прывесьці іх у адпаведнасьць з апошнімі санкцыйнымі мерамі Эўразьвязу, прынятымі 3 жніўня.

15 жніўня Швайцарыя ўжо ўвяла ўсьлед за Эўразьвязам санкцыі ў дачыненьні да 38 фізычных і 3 юрыдычных асобаў Беларусі. 30 жніўня Фэдэральная Рада краіны зацьвердзіла астатнія меры, прынятыя ЭЗ 3 жніўня. Дадатковыя санкцыі адносна Беларусі прынятыя «ў сувязі з працягам удзелу Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», паведамілі ў швайцарскім урадзе.

Там адзначылі, што гэтыя меры прыводзяць санкцыі адносна Беларусі ў большую адпаведнасьць з санкцыямі, уведзенымі адносна Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем краін – партнэраў ЭЗ далучыліся да новага пакету санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі

«Яны ўключаюць забарону на экспарт тавараў і тэхналёгіяў для выкарыстаньня ў авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці. Акрамя апаратаў для авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці, у сьпіс тавараў уключаныя турбарэактыўныя рухавікі, турбавінтавыя рухавікі і гумовыя шыны. Для тавараў авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці, якія таксама часта выкарыстоўваюцца ў мэдычным сэктары, дзейнічаюць выключэньні пры наяўнасьці адпаведнага дазволу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Меры таксама пашыраюць пералік тавараў, якія «спрыяюць ваенна-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі». Так, зараз у Беларусь ня могуць экспартавацца паўправадніковыя прыборы і электронныя інтэгральныя схемы.

«Фэдэральная рада імкнецца забясьпечыць, каб ніякія стратэгічныя тавары не траплялі ў Беларусь у абыход усталяваных правілаў», — паведамілі ва ўрадзе Швайцарыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі пройдзе першы суд у справе зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі, будуць судзіць экс-байца САХР Гараўскага
  • У жніўні Эўразьвяз увёў новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якімі ўвёў дадатковую забарону «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
  • Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш за год таму, у чэрвені 2022-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне ўступілі ў сілу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі — сыгнал, што датычныя да палітычнага перасьледу ў Беларусі будуць пакараныя», — Алена Кудзько пра новы пакет санкцыяў ЭЗ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новы санкцыйны сьпіс ЭЗ супраць Беларусі ўвайшлі 3 прадпрыемствы і 38 фізычных асобаў. Камэнтар Офісу Ціханоўскай