З пачатку году беларусы набралі крэдытаў на 7,04 млрд рублёў — у 1,5 разы больш, чым летась

Беларусы ў ліпені набралі крэдытаў на 1,1 млрд. рублёў. Высокія тэмпы крэдытаваньня, якія перавышаюць мільярд рублёў за месяц, захоўваюцца з чэрвеня. У параўнаньні зь леташнім ліпенем аб’ём крэдытаваньня вырас на 58,6%, паведамляе Reform.by.

Агулам за 7 месяцаў фізычныя асобы атрымалі ў банках крэдытаў на 7,04 млрд рублёў, што ў 1,5 разы больш, чым за той жа пэрыяд 2022 году.

Абʼём спажывецкага крэдытаваньня ў студзені-ліпені вырас на 50,9% да 5,77 млрд рублёў, а на фінансаваньне нерухомасьці беларусы ўзялі 1,26 млрд рублёў, што на 49,7% больш, чым летась.

Запазычанасьць фізычных асобаў па крэдытах на 1 жніўня склала 18,54 млрд рублёў (яна вырасла на 311,8 млн рублёў за месяц), пратэрмінаваная запазычанасьць склала 34,5 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы паставілі новы рэкорд у крэдытах. На што бяруць пазыкі?

Што да крэдытаваньня юрыдычных асобаў, у ліпені ім выдалі пазыкаў на 10,96 млрд рублёў. У параўнаньні зь ліпенем 2022 году абʼём крэдытаваньня вырас на 25, 3%, сьведчыць статыстыка Нацбанку.

Агулам юрыдычныя асобы за 7 месяцаў узялі крэдытаў на 70,7 млрд рублёў, або на 29,5% больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Агульная запазычанасьць юрыдычных асобаў дасягнула 47,9 млрд рублёў па стане на 1 жніўня. За год яна павялічылася на 7,5%. Абʼём пратэрмінаванай запазычанасьці дасягнуў 217,8 млн. рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак — $383, мільённыя пазыкі і мінусавая рэнтабэльнасьць. Як жывуць рэгіёны з самымі нізкімі заробкамі