Чарговы камплект апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» паступіў на ўзбраеньне беларускага войска, паведаміла 30 жніўня прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
У відэа, якое апублікавала Мінабароны, неназваны падпалкоўнік у балаклаве падкрэсьлівае, што ў Беларусь прыбыў «не апошні воінскі эшалён» «Іскандэраў-М», і адзначае, што асаблівасьць комплексаў — выкарыстаньне ракет у тым ліку з ужываньнем «спэцыяльнай баявой часткі» (ядзернай боегалоўкі магутнасьцю да 50 кілятон).
- 1 лютага Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія вайскоўцы прыступілі да поўнай самастойнай эксплюатацыі «Іскандэраў». Пазьней паведамлялася пра навучаньне беларускіх вайскоўцаў у Расеі, у тым ліку для абслугоўваньня ядзерных боегаловак.
- Па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным 19 сьнежня 2022 году ў Менску Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Беларусь ужо паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя РФ ракетныя комплексы С-400 і «Іскандэр».
- 23 сакавіка ў Беларусі быў сфармаваны новы ракетны зэнітны полк, які дысьлякуецца ў Лунінцы, за 50 км ад мяжы з Украінай. Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў, што яго зьяўленьне стала «адэкватным адказам на сытуацыю вакол нашых межаў».
- «Іскандэр-М» — расейскі апэратыўна-тактычны ракетны комплекс. Асноўнае прызначэньне «Іскандэраў» — зьнішчэньне сыстэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны праціўніка, аб’ектаў інфраструктуры і кіраваньня войскамі, самалётаў і верталётаў на аэрадромах ды інш. Комплексы могуць выкарыстоўваць як крылатыя, так і квазібалістычныя ракеты. Далечыня паражэньня ракетамі мадыфікацыі «Іскандэр-М» складае да 500 км.