Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя амэрыканскіх вучоных: У Асіповічах пабудавалі новы ангар для «Іскандэраў», якія могуць несьці тактычную ядзерную зброю


Расейская ракетная ўстаноўка «Іскандэр», архіўнае фота
Расейская ракетная ўстаноўка «Іскандэр», архіўнае фота

Будаўніцтва ангараў завяршылі на тэрыторыі 465-й ракетнай брыгады.

FAS паведамляе, што работы скончыліся яшчэ ў красавіку сёлета, і гэта пацьвярджае аналіз сьвежых спадарожнікавых здымкаў ад Maxar.

Паводле дадзеных FAS, будаўніцтва пачалося ў кастрычніку 2022 году і завяршылася ў красавіку 2023 году.

Новы аб’ект разьмешчаны ўсяго за 7 км ад Асіповіцкага палігону і за 12 км ад складу зброі, дзе можа праходзіць патэнцыйная мадэрнізацыя часовага сховішча ядзерных боегаловак. Адлегласьць ад ангара да намётавага лягера ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль — 16,5 км.

«Беларускі Гаюн» піша, што «Іскандэры» паступілі на ўзбраеньне 465-й брыгады яшчэ ў лютым і першапачаткова стаялі проста ў боксах, бо ангар яшчэ ня быў пабудаваны.

Раней на ўзбраеньні гэтай брыгады стаялі толькі некалькі дывізіёнаў ТРК «Точка-У». І ў сувязі з гэтым абсалютна лягічным выглядае будаўніцтва новага ангара, каб абслугоўваць новы для брыгады тып тэхнікі. Таксама «Гаюну» вядома, што як толькі першыя АТРК «Іскандэр» прыбылі ў разьмяшчэньне брыгады, то іх напачатку разьмясьцілі ў часовых боксах — фактычна пад падстрэшкам, і збудаваць для іх ангар было проста неабходна.

Разьлікі АТРК «Іскандэр-М» 465-й ракетнай брыгады праходзілі практычную падрыхтоўку ў Расеі. Тады паведамлялася, што асабовы склад вывучаў пытаньні зьместу і прымяненьня тактычных ядзерных боепрыпасаў.

Фэдэрацыя амэрыканскіх вучоных (FAS) — амэрыканскі некамэрцыйны аналітычны цэнтар па глябальнай палітыцы з заяўленым намерам выкарыстоўваць навуку і навуковы аналіз, каб паспрабаваць зрабіць сьвет больш бясьпечным. FAS была заснавана ў 1946 годзе навукоўцамі, у тым ліку і некаторымі з тых, хто працаваў над Мангэтанскім праектам, гэта значыць распрацоўваў першыя атамныя бомбы.

Сярод іншага, арганізацыя вядзе «Праект ядзернай інфармацыі», які штогод публікуе ў Nuclear Notebooks падлікі глябальных ядзерных сіл. Гэты праект аналізуе колькасны і якасны склад міжнародных ядзерных арсэналаў, выкарыстоўваючы мэтадалёгію дасьледаваньняў з адкрытым зыходным кодам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG