Украінка Марына Занеўская, якая выступае за Бэльгію, не паціснула руку беларускай тэнісістцы Арыне Сабаленцы на US Open, паведамляе выданьне «Спорт-Экспресс».
Сабаленка чакала суперніцы ля сеткі, але Занеўская праігнаравала яе.
«Я прадстаўляю Бэльгію, але ўся мая сям’я застаецца ва Ўкраіне, — патлумачыла свае паводзіны ўраджэнка Адэсы. — Паважаю Арыну як тэнісістку, яна вялікая чэмпіёнка. Гэта маё асабістае рашэньне не паціскаць рукі. Я не асуджаю яе. Яна абараняе сваю сямʼю, а я абараняю сваю. І калі я пацісну ёй руку, гэта будзе тое самае, што плюнуць маім родным у твар».
Украінка Занеўская, якая з 2016 году пачала выступаць у складзе Бэльгіі, займае 112 месца ў міжнародным рэйтынгу тэнісістак WTA, Сабаленка — другое месца. Сёньня ўкраінка прайграла беларусцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары «Ралан Гарос» абараняюць Арыну Сабаленку ад пытаньняў пра Лукашэнку і вайну- У сакавіку 2023 году на турніры ў Індыян-Уэлсе з паядынку супраць Сабаленкі дэманстратыўна зьнялася ўкраінка Леся Цурэнка. Пасьля гэтага высьветлілася, што трэнэр Цурэнкі Мікіта Ўласаў падчас спаборніцтваў абражаў Сабаленку, абвінавачваючы яе ў сувязях з Лукашэнкам і патрабуючы яе дыскваліфікацыі.
- На Адкрытым чэмпіянаце Францыі-2023 спачатку руку Сабаленцы адмовілася ціснуць украінка Марта Касьцюк, а ў чвэрцьфінале Сабаленцы давялося сутыкнуцца з палітычнымі разборкамі ў паядынку яшчэ з адной прадстаўніцай Украіны Элінай Сьвітолінай.
- Таксама ўкраінка Эліна Сьвітоліна на турніры ў Мадрыдзе адмаўлялася ціснуць руку беларускай тэнісістцы Аляксандры Сасновіч, а пацісканьне рук пасьля гульні беларускі Вікторыі Азаранкі і Эліны Сьвітолінай на Ўімблдоне наогул было скасаванае.