У Берасьці судзілі маці былога палітвязьня Ціхана Клюкача
29 жніўня адбыўся суд над Інай Калацкай, маці былога палітвязьня Ціхана Клюкача. Паводле інфармацыі берасьцейскай «Вясны», жанчыне прысудзілі штраф, сума якога не называецца.
Іне Калацкай закідалі арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне службовай асобе), у ролі судзьдзі, як пазначана ў раскладзе Ленінскага суда Берасьця, быў Сьвятаслаў Каліна.
Пра затрыманьне Калацкай стала вядома 15 жніўня. Паколькі ад часу затрыманьня да суда прайшло два тыдні, можна меркаваць, што гэты суд быў над ёй ня першы.
Сын жанчыны Ціхан Клюкач адбыў за кратамі паўтара года, пасьля чаго зьехаў за мяжу і хацеў ваяваць на баку Ўкраіны.
Двух супрацоўнікаў незалежнага выданьня «Ганцавіцкі час» выклікалі ў міліцыю для «гутаркі»
29 жніўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дадому да карэспандэнта Сьвятланы Малышкі і настойліва прапанавалі праехаць у пастарунак для «гутаркі». У міліцыі высьветлілася, што супрацоўнікаў цікавіў артыкул «Цэнтар Ганцавічаў да „Дажынак“ аблысеў», у якім гаварылася пра падрыхтоўку да «Дажынак», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Паводле Малышкі, у міліцыянтаў былі прэтэнзіі да загалоўку: яны лічылі, што ён не адпавядае рэчаіснасьці.
29 жніўня ў міліцыю запрасілі яшчэ аднаго супрацоўніка выданьня — Сяргея Багрова. Падставай для «гутаркі» міліцыянты назвалі нейкі «сямейны канфлікт», пра які Багроў нічога ня ведаў. У міліцыю ён адправіўся разам з жонкай, каб даведацца, хто зь іх «скандаліст».
У аддзяленьні высьветлілася, што прысутнасьць жонкі не патрабавалася, а размова тычылася працы Багрова ў якасьці дыджэя ў адной з кавярняў. Таксама яго спыталі пра працу «Ганцавіцкага часу», але Багроў сказаў, што ня піша артыкулаў. На гэтым «прафіляктычная гутарка» зь ім завяршылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактар «Ганцавіцкага часу» адмовіўся ісьці на гутарку ў РАУС бяз позвыЗатрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка «Белгіпразема» — начальніка аддзела
Тэлеграм-канал ГУБАЗіКа паведаміў, што затрымалі начальніка аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы рэспубліканскага прадпрыемства «Праектны інстытут Белгіпразем», заўважыла «Зеркало».
Імя затрыманага ў відэа не называюць, але на сайце ўстановы начальнікам гэтага аддзелу пазначаны Аляксандар Савін.
Сілавікі прымусілі мужчыну сказаць на камэру, што ён назіраў за акцыямі пратэсту, здымаў тое, што адбываецца і спачуваў пратэстоўцам, а таксама зарэгістраваўся ў пляне «Перамога» і быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.
Раней на «Белгіпраземе» арыштавалі сама меней дзесяць чалавек, шэраг іх звольнілі.
Сілавікі затрымалі беларуску, якая прыляцела ў Менск з Італіі да сваякоў
Гаворка пра 32-гадовую Вераніку Казак. Дзяўчына некалькі гадоў жыве ў Італіі, мае дазвол на жыхарства гэтай краіны. Вядома, што Вераніка прыляцела да сваякоў у Менск — 25 жніўня яе выклікалі ў міліцыю наконт нейкіх камэнтароў і допісаў у сацсетках, пасьля чаго сувязь зь дзяўчынай зьнікла, паведамляе «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, на Вераніку завялі крымінальную справу. Падрабязнасьці высьвятляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 жніўня: за абразу Лукашэнкі ў Менску асудзілі кіроўцу, у Берасьці — пэнсіянэраРагачоўскага актывіста аштрафавалі за фота прэзыдэнта Польшчы на фоне сьцяга, падобнага да бел-чырвона-белага
Рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча аштрафавалі за фота прэзыдэнта Польшчы на фоне сьцяга польска-вугорскага сяброўства, піша «Флагшток».
Паводле зьвестак выданьня, судзьдзя Ірына Зыль прызнала разьмяшчэньне здымка з прэзыдэнтам Польшчы і двух іншых фота з нацыянальнай сымболікай Беларусі на інфармацыйным рэсурсе «Рогачев Онлайн» парушэньнем і аштрафавала Дзяніса Дашкевіча паводле артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць) на 740 рублёў з канфіскацыяй «прадмета правапарушэньня».
Дашкевіча судзілі завочна, бо ён зьехаў зь Беларусі амаль год таму. У Рагачове да яго дадому пэрыядычна прыходзяць сілавікі.
Дзяніс Дашкевіч — 38-гадовы актывіст з Рагачова. Больш за 10 гадоў ён вядзе рэгіянальны рэсурс «Рогачев Онлайн». Як высьветлілася, міліцыя склала пратакол на Дашкевіча за фота прэзыдэнта Польшчы пасьля даносу мясцовага ідэоляга Натальлі Прус, а сьцяг на здымку ня мае дачыненьня да Беларусі. Унізе на палотнішчы відаць зялёная паласа, а ў цэнтры знаходзяцца дрэвы — гэта сьцяг польска-вугорскага сяброўства. Пазьней стала вядома, што за гэтае фота на Дзяніса Дашкевіча завялі крымінальную справу. Гэтую навіну мужчына даведаўся зь дзяржаўнай раёнкі «Свабоднае слова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 жніўня: У Зэльве судзяць прадпрымальніка за абразу ЛукашэнкіУ Горадні затрымалі «за палітыку» супрацоўніцу Камітэту судовых экспэртызаў
У Горадні ўзялі пад варту падпалкоўніцу юстыцыі Юлію Колас. Яе абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі. 29 жніўня гарадзенку прызналі палітзьняволенай, піша Hrodna.life.
Юлія Леанідаўна Колас — начальніца аддзелу крыміналістычных улікаў Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў, падпалкоўніца юстыцыі, афіцэрка. Ёй 50 гадоў. У Юліі Колас двое сыноў, адзін зь іх непаўналетні.
Затрымалі Юлію Колас 11 жніўня 2023 году. Яна знаходзіцца ў турме № 1 Горадні.