Слуханьне ў справе аб ліквідацыі апазыцыйнай Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» (былая Партыя камуністаў) прызначылі на 22 верасьня 2023 году. Гэтая дата зьявілася ў раскладзе Вярхоўнага суду Беларусі, паведамляе «Зеркало».
Пазоў аб ліквідацыі партыі падало Міністэрства юстыцыі, разглядаць справу будзе судзьдзя Вярхоўнага суду Андрэй Алешчанка. Слуханьне прызначанае на 22 верасьня 2023 году.
Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін расказваў «Народнай Волі», што рашэньне аб адмове ў яе перарэгістрацыі было прынятае 30 ліпеня «на вядомых падставах: недахоп структур, няма неабходнай колькасьці сяброў партыі, якая патрабуецца паводле новага заканадаўства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беспартыйная сыстэма — новы твар беларускай «дэмакратыі»Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» была заснаваная ў 1991 годзе, да 2009 году яна называлася «Партыя камуністаў Беларуская» (ПКБ). У 1996 годзе частка яе сябраў, якія падтрымлівалі Лукашэнку, аддзялілася і ўтварыла праўладную Камуністычную партыю. Партыя ж «Справядлівы сьвет» — апазыцыйная. Таксама яна ўваходзіць у склад Партыі эўрапейскіх левых.
Старшыня партыі, 71-гадовы Сяргей Калякін — пляменьнік старшыні Вярхоўнага Савету БССР Мікалая Дземянцея, ён спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 году ў Беларусі, аднак ва ўсіх выпадках так і ня стаў кандыдатам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пераходзім да аднапартыйнай сыстэмы». Лідэры апазыцыйных партый расказалі, што будзе зь імі ў новых умовах- 13 сьнежня 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі».
- 14 лютага Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». Дакумэнт узмацніў патрабаваньні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсьці працэдуру перарэгістрацыі на працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу.
- На цяперашні момант улады перарэгістравалі толькі тры беларускія партыі, усе яны праўладныя: Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Раней зарэгістравалі ляяльную Лукашэнку партыю «Белая Русь».
- Апазыцыйныя партыі масава ліквідуюць паводле пазоваў Міністэрства юстыцыі. Ужо ліквідавалі Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП).