New York Times: Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на продаж дыямэнтаў

Апрацоўка алмазаў у Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскае выданьне New York Times правяло расьсьледаваньне, як дзейнічаюць заходнія санкцыі супраць расейскіх дыямэнтаў, уведзеныя пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.

New York Times піша, што Расея пры дапамозе Беларусі і Індыі іншых краін працягвае масава прадаваць свае дыямэнты на сусьветным рынку, нягледзячы на санкцыі ЗША і Вялікай Брытаніі.

Паводле газэты, уведзеныя Захадам абмежаваньні прынесьлі нязначны эфэкт, бо яны тычацца толькі неапрацаваных расейскіх алмазаў альбо тых дыямэнтаў, якія былі апрацаваныя выключна ў Расеі.

Расея зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспартэрам дыямэнтаў па аб’ёме: расейская дзяржаўная кампанія АЛРОСА здабывае амаль траціну ўсіх алмазаў, паводле статыстыку 2021 году.

ЗША — найбуйнейшы ў сьвеце рынак гатовых дыямэнтаў — увялі захады супраць расейскай сыравіны мінулай вясной, калі прэзыдэнт Джо Байдэн забараніў імпарт неапрацаваных алмазаў з Расеі, а Міністэрства фінансаў ЗША наклала санкцыі на АЛРОСА.

Іншыя краіны таксама ўвялі свае санкцыі, у тым ліку Вялікая Брытанія, якая ў пачатку гэтага году абвясьціла поўную забарону на расейскія алмазы.

Летась Эўразьвяз некалькі разоў спрабаваў увесьці санкцыі ў дачыненьні да расейскіх алмазаў, але гэтаму перашкодзіла Бэльгія з прычыны пратэстаў Антвэрпэна, бэльгійскага партовага горада, які зьяўляецца вядучым цэнтрам гандлю каштоўнымі камянямі.

Цяпер у Кітаі знаходзяцца новыя буйныя порты заходу расейскіх алмазаў, а новыя цэнтры агранкі і паліраваньня ў былых савецкіх краінах, такіх як Армэнія і Беларусь, выклікалі значны ўсплёск абʼёмаў неапрацаваных камянёў, піша New York Times

Паводле выданьня, ад санкцый таксама выйгралі Дубай і Індыя, дзе 90 працэнтаў неапрацаваных камянёў у сьвеце аграняецца і паліруецца ў горадзе Сурат, там працягваюць апрацоўваць расейскія алмазы, не падвяргаючыся заходнім санкцыям.

Тым часам улады ЗША замарозілі некаторыя алмазныя зьдзелкі, якія праводзіліся індыйскімі гандлярамі, якія падазраваліся ў апрацоўцы расейскіх камянёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні візыту Лукашэнкі зымбабвійскае выданьне піша пра скандалы, зьвязаныя зь Беларусьсю, у тым ліку, пра продаж дыямэнтаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвяла санкцыі супраць 14 расейцаў і забараніла экспарт прадметаў раскошы ў Расею