«На танцы прыходзіць шмат хлопцаў, каб знайсьці сабе беларусачку». Расказваем пра школу традыцыйнай культуры

Народныя танцы, Ілюстратыўнае фота

Паразмаўлялі з сузаснавальніцай і каардынатаркай Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве Наталкай Гапановіч пра тое, як прыйшла ідэя, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца і што натхняе працягваць.

Наталка Гапановіч — сузаснавальніца, каардынатарка, ідэйная натхняльніца Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве. Пераехала зь Менску два з паловай года таму, цяпер жыве ў Варшаве, працуе інжынэрам-праектантам аўтамабільных дарог. Таксама ў Наталкі ёсьць эканамічная і філялягічная адукацыя.

Наталка Гапановіч

«Калі я пераехала ў Варшаву, то адразу захацелася знайсьці сваіх беларусаў, адчуўся смутак па радзіме. Мы сустракаліся зь беларусамі на нядзельных акцыях. Потым я трапіла на Калядную школу, якую ладзіў Цімох Акудовіч. Там пазнаёмілася зь дзяўчатамі і мы вырашылі не разыходзіцца пасьля вечарыны, а застацца яшчэ паразвучваць песьні. І стварылася такая цёплая суполка».

Наталка Гапановіч

Так Наталка з аднадумцамі зьбіраліся сьпяваць, танчыць, а потым яшчэ далучыліся дудары.

«І мы вырашылі: „А давайце адкрыем школу? Бо ў нас ужо чатыры кірункі: танцы, сьпевы, традыцыйнае адзеньне, дударская школа“. І мы пачалі разьвівацца, набіраць аўдыторыю, увогуле ўсе беларусы адгукнуліся. На валянтэрскіх асновах людзі хацелі дапамагаць. Мы ўладкаваліся і летась 11 верасьня афіцыйна адкрылі сваю школу. Мы ўжо амаль год дзейнічаем, спадзяюся, людзям таксама радасьць прыносім».

Зараз асноўная каманда ў Школе беларускай традыцыйнай культуры складаецца зь пяці чалавек, кажа Наталка. Усе ўдзельнікі яе арганізоўваюць імпрэзы ў школе пасьля сваёй асноўнай працы, што даволі складана.

Наталка Гапановіч

«Мы ўсё гэта робім у свой вольны час. Самае складанае, што мы вымотваемся. З аднаго боку, хочацца ўсё гэта рабіць, а з другога — пасьля працы няма сіл. Але недзе мы адно аднаго падменьваем, спрабуем каардынавацца. І ад таго, што ўсё гэта гарыць, ёсьць жаданьне рабіць, бачу аддачу, то гэта, безумоўна, трымаецца на такой ініцыятыве людзей, падтрымцы».

«Для палякаў нашыя танцы вельмі цікавыя»

Наталка кажа, што наведнікі школы вельмі пазытыўна рэагуюць на заняткі.

«На танцы цяпер ходзіць вельмі шмат хлапцоў, яны прыходзяць знаёміцца, каб знайсьці сабе беларусачку. Таксама людзі, калі прыходзяць, кажуць: „О, нічога сабе! Я ня ведаў, што беларускія танцы такія. Я думаў, што гэта гапак, і ўсё, а аказваецца, яны вельмі фігурныя“».

У школу прыходзяць танцаваць і палякі.

«Яны адразу бачаць розьніцу. Для палякаў нашыя танцы складаныя, больш фігурныя, больш выкрутасістыя. Бо традыцыйныя польскія танцы, напрыклад мазурка, яны прасьцейшыя па рухах, таму для іх нашыя танцы вельмі цікавыя».

На сьпевах жа людзі не толькі сьпяваюць, але і адчуваюць псыхалягічную разгрузку.

«Мы п’ём гарбату разам, размаўляем, абмяркоўваем нейкія свае справы, ходзім разам на нейкія беларускія падзеі, майстар-клясы. Вядома, адзін-два разы чалавек так проста прыйшоў, а на трэці ўжо як да сяброў бяжыць пасьля працы на такую псыхалягічную разгрузку. Усё ж такі сьпевы, асабліва народныя, даюць разгрузку празь цела ў тым ліку, так выходзіць напружаньне».

Наталка Гапановіч

На пытаньне, ці трэба мець нейкі талент ці здольнасьці, каб прыйсьці на сьпевы і танцы, Наталка адказвае так:

«Трэба мець толькі жаданьне. Я яшчэ не сустракала беларусаў, якія ня могуць танчыць альбо дрэнна сьпяваюць. Усе людзі ўмеюць сьпяваць, усе людзі маюць магчымасьць навучыцца танцаваць. У нас няма мэты выйграваць на нейкіх конкурсах, рыхтаваць прафэсіяналаў. У нас мэта — падтрымка сваіх традыцый. На самой справе нават у крыві адчуваецца, што гэта нашыя песьні: яны кладуцца на сэрца, на душу. Мы прымаем усіх».

Школа беларускай традыцыйнай культуры разьлічана на дарослую аўдыторыю.

«Але калі бацькі з малымі дзецьмі, якіх няма з кім пакінуць, заўжды можна зь імі прыйсьці, у нас адкрытыя сямейныя сустрэчы, але больш скіраваныя на дарослых. Ну і калі бацькі будуць несьці культуру ў сям’і, то і дзеткі будуць пераймаць праз бацькоў. Да нас прыходзяць дзеці ад 12 гадоў з бацькамі і займаюцца ўжо як дарослыя».

«Людзі задаволеныя, мы задаволеныя, і выглядае рэальна вельмі клёва»

Цяпер у Школе традыцыйнай беларускай культуры дзейнічаюць чатыры кірункі: беларускія танцы, народныя сьпевы, выраб традыцыйнага касьцюма і дударская школа.

«У дударскай школе вам трэба будзе абавязкова купляць інструмэнт або настаўнік вам можа на нейкі час даць свой навучальны. На выраб адзеньня ўсе матэрыялы закупляюць вучні самі, а з нас ужо навучальны матэрыял, кансультацыі, расказваем, як раскроіць, дзе што сшыць. Навучаньне па стварэньні строю разьлічана на год, вось будзем зараз набіраць новую групу».

Падчас школы можна навучыцца рабіць цалкам увесь касьцюм: кашулю, спадніцу (або нагавіцы для мужчыны), фартух і пояс.

«У нас некаторыя людзі так заангажаваліся, што зрабілі хутчэй, чым за год. Людзі задаволеныя, мы задаволеныя, і выглядае рэальна вельмі клёва. Мы вучым рабіць традыцыйны строй цалкам уручную (акрамя спадніцы, яе можна падшыць на машынцы). Самае цяжкае — гэта ўсё ж такі вышыўка, бо яна ці крыжыкам, ці процягам, яе рабіць даўжэй за ўсё».

Уся каманда школы працуе на валянтэрскіх асновах, падтрымаць яе можна з дапамогай данатаў. Свайго памяшканьня пакуль таксама ў школы няма, заняткі праходзяць у Музэі вольнай Беларусі, у Chata Numinosum.

«У плянах мы б хацелі сваё памяшканьне, матэрыялы, але на гэта патрэбна фінансаваньне, якога ў нас няма. Мы спрабуем падавацца на нейкія гранты, але пакуль не атрымалася. Але мы ня трацім надзеі, вельмі нам дапамагаюць беларускія і польскія асацыяцыі».

Неўзабаве плянуецца адсьвяткаваць гадавіну адкрыцьця Школы беларускай традыцыйнай культуры.

«Гэта надае мне сілы»

Наталка кажа, што людзі яе вельмі натхняюць працягваць дзейнасьць.

«Яны таксама, як і я, пасьля працы ідуць, нясуць сваю энэргію, эмоцыі. І калі ты перад танцамі валачэш ногі, то, як дзьве гадзіны адтанцавала, пасьля ляціш дадому задаволеная, усе турботы адсейваюцца. Гэтая энэргія, якую даюць людзі: „Ой, глядзі, што атрымалася! Вось яшчэ паяска 10 сантымэтраў спляла“ ці „Вось я сабе спадніцу дашыла!“. Альбо людзі, якія: „Ой, я ўжо сабе трэцюю дуду замовіў, бо ўжо так заангажаваўся граць!“».

Наталка Гапановіч

Наталка дадае, што адчувае падтрымку роду празь беларускую культуру.

«Я ня думала, што гэта можа быць папраўдзе так, але я адчуваю, што чым больш я ў гэта занураюся, тым больш гэта мне дае падтрымку ўнутраную. Я гэта раблю і раю рабіць астатнім. Бо нам навязвалі, што беларуская культура нейкая вясковая, непрыгожая, недарэчная, што ў нас яе няма. А калі пачынаеш дазнавацца, паглыбляцца ў гэта ўсё, то разумееш, хто я, хто былі мае продкі, хто мае сваякі, што яны маглі, чаго яны дасягнулі. І гэта дае мне сілы».

Празь песьні перадаецца сэнс жыцьця, праз танцы можна зразумець, якая была ў беларусаў энэргія і запал, дадае Наталка.

«І праз дударства разумееш, што музыка — тое, што яднала беларусаў. З гэтай традыцыі разумееш, як весела жылі. У эміграцыі пачынаеш усьведамляць, што чым разнастайнейшы сьвет, тым ён прыгажэйшы, і наша беларуская культура вельмі прыгожая і павінна зьзяць у сьвеце таксама».


Падрабязнасьці пра заняткі і імпрэзы Школы беларускай традыцыйнай культуры шукайце ў Instagram тэлеграме і Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры ўсёй маёй сымпатыі да беларускага народу ў фільме няма добрых беларусаў». Агнешка Голянд зьняла кіно пра сытуацыю на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш асноўны чытач і слухач застаецца ў Беларусі». Размова з кіраўніком бібліятэкі «Камунікат»