У пазовах, паводле інфармацыі з картатэкі Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, пазоўнікі, заяўнікі і спаганяльнікі скардзяцца на «невыкананьне або неналежнае выкананьне абавязаньняў паводле дамоваў», настойваюць на «выдачы выканаўчага дакумэнту на прымусовае выкананьне мэдыятыўнага пагадненьня» і судзяцца за «адтэрміноўку або растэрміноўку выкананьня судовай пастановы».
Як высьветліла газэта «Белорусы и рынок», прэтэнзіі да «Віталюру», у прыватнасьці, выставілі такія вядомыя кампаніі як «Машхарчпрад», «Контэ Спа», КФК «Сула», Мясакамбінат «Славянский», «Монтбрук», «Сіпто», «БСБ Банк» і іншыя.
Некалькі пазоваў да «Віталюру» разглядаюць цяпер і ў расейскіх судах. У мінулым месяцы, напрыклад, пералік пазоўнікаў у Расеі папоўніў Гандлёвы дом «Камчатка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Розьніца ў дзясяткі разоў. Дзяржаўныя СМІ апублікавалі заробкі кіраўнікоў прыватных гандлёвых сетак і іх работнікаўШто адбылося зь «Віталюрам»?
Праблемы з разьлікамі з пастаўшчыкамі ўзьніклі ў кампаніі «Віталюр», якая спэцыялізавалася на імпарце і перапрацоўцы рыбнай прадукцыі і разьвіцьці аднайменнай раздробнай сеткі, у 2021 годзе. У канцы 2022 году яе ўладальнікі, каб пагасіць дэбіторскую запазычанасьць і палепшыць фінансавае становішча, перадалі большасьць гандлёвых пунктаў у арэнду «Санта Рытэйл». Таксама «Санта» выкупіла абсталяваньне і рэшткі тавару.
«Рух і закрыцьцё даўгоў перад пастаўшчыкамі будзе адбывацца пад кантролем кампаніі „Санта Рытэйл“», — паведамляў у канцы 2022 году генэральны дырэктар «Віталюр» Аляксандар Калесьнікаў.
Фактычнае паглынаньне «Віталюру» дазволіла «Санта Рытэйл», якая ўваходзіць у Групу кампаній «Санта» бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага, увайсьці ў тройку найбуйнейшых рэтэйлераў на беларускім рынку. Другі ж удзельнік угоды працягвае высьвятляць адносіны з крэдыторамі.
«Віталюр» працаваў з 1995 году, але ў канцы лютага 2023 году заявіў пра спыненьне дзейнасьці.
«Пачынаючы з аднаго невялікага гандлёвага павільёна, за 27 гадоў „Віталюр“ вырас у адну з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі, стаўшы лідэрам у многіх галінах і прыкладам для іншых», — напісала сетка ў свой апошні дзень працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат прызнаў, што праз санкцыі ня будзе раскрываць дэталёвых зьвестак пра замежны гандаль