Стрыжак аб фільме прапагандыстаў пра аналітыка Паротнікава: «КДБ ня ўскрыў ніводнага з нашых каналаў эвакуацыі»

Андрэй Паротнікаў

Напярэдадні на тэлеканале АНТ паказалі фільм пра зьняволенага аналітыка Андрэя Паротнікава і ягоныя перамовы зь беларусамі замежжа. Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак пракамэнтаваў убачанае.

Андрэй Стрыжак ацаніў фільм прапагандыстаў, заявіўшы, што ёсьць факты, якія павінна ведаць грамадзкасьць у гісторыі з арыштам Андрэя Паротнікава і дзеяньнямі спэцслужбаў.

«Нам было вядома пра ягоны арышт ад самага пачатку. Усе перамовы са мной асабіста Андрэй вёў, калі ўжо быў затрыманы. Ад самага пачатку было вядома, што чалавека „вядуць“. Вядома дзякуючы таму, што ўнутры спэцслужбаў дагэтуль ёсьць неабыякавыя да справы перамен людзі. Таму, кадэбэшнікі, думайце, пра што, з кім і дзе гаворыце».

Адной з мэтаў беларускага КДБ было даведацца, якім чынам BySol эвакуюе беларусаў з краіны, ратуючы іх ад перасьледу ўладаў. Стрыжак гаворыць, што ён з калегамі перасьледавалі свае мэты ў гэтым выпадку, разумеючы тое, што эвакуацыя Андрэя, хутчэй за ўсё, скончыцца нічым.

«У нас было некалькі задач:

  • паспрабаваць выцягнуць нашага калегу і сябра;
  • адсачыць і даведацца, як працуюць і што робяць спэцслужбы ў такіх апэрацыях;
  • у выпадку немагчымасьці эвакуацыі забясьпечыць магчымасьць Андрэю паспаць „на белых прасьцінах“ замест гэбэшнай шконкі як мага даўжэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ унёс у «сьпіс тэрарыстаў» Паўла Белавуса, Дзьмітрыя Семчанку, Яна Рудзіка і яшчэ 6 чалавек

Таксама Андрэй Стрыжак адзначыў, што кожны, кім могуць зацікавіцца спэцслужбы Лукашэнкі, мае вельмі вялікі шанец апынуцца на месцы Андрэя, калі аказваць дапамогу будзе ўжо позна.

«І самае галоўнае — спэцслужбы ня ўскрылі ніводнага з нашых каналаў, якія мы выкарыстоўваем для эвакуацыі. Яна па-ранейшаму магчымая, не зацягвайце з пытаньнем ад’езду, калі адчуваеце небясьпеку».

Андрэй Паротнікаў — выхадзец зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, капітан міліцыі запасу. Пасьля звальненьня з МУС ён займаўся незалежнай аналітыкай на тэмы бясьпекі і сілавых структур. Кіраваў аналітычным цэнтрам Belarus Security Blog.

У верасьні 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім пазбавіў вайсковых і спэцыяльных званьняў больш за 80 чалавек. Сярод іх быў і Андрэй Паротнікаў.

Апошнія допісы ў Фэйсбуку Андрэя Паротнікава датуюцца 7 сакавіка. Ёсьць інфармацыя, што аналітыка трымаюць у СІЗА КДБ. А затрымалі яго ў Смаленску, сьцьвярджаюць прапагандысты. У фільме АНТ Паротнікава назвалі «здраднікам дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Стрыжак: BySol зь зімы 2021 году эвакуаваў зь Беларусі больш як тысячу чалавек