Наўседа: Нам ня варта рабіць з закрыцьця межаў зь Беларусьсю своеасаблівы спорт

Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што рашэньні пра закрыцьцё кантрольна-прапускных пунктаў Лаварышкі (зь беларускага боку — Катлоўка) і Райгорад (Прывалка ) на мяжы зь Беларусьсю варта прымаць толькі пасьля вельмі ўважлівай ацэнкі.

«Я думаю, што нам ня варта рабіць з гэтага своеасаблівы від спорту. Мы павінны вельмі выразна ацэньваць індывідуальны выпадак, ацэньваць кожны выпадак паасобку і ацэньваць магчымыя страты, магчымыя нязручнасьці, у тым ліку для нашых жыхароў. І толькі пасьля ацэнкі ўсіх аспэктаў прымаць рашэньне», — прыводзіць яго словы партал delfi.lt.

Наўседа падкрэсьліў, што менавіта гэтак рабілася, калі прымаліся рашэньні пра закрыцьцё пунктаў Цьверач (зь беларускага боку — Лоша) і Шумск (Відзы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва афіцыйна закрыла два памежныя пераходы зь Беларусьсю

Пры рэальнай пагрозе мяжа зь Беларусьсю будзе зачыненая неадкладна, дадаў прэзыдэнт Літвы. Ён адзначыў, што літоўскія ўлады маюць поўны сувэрэнітэт, каб вырашаць, што рабіць зь мяжой. «Калі б была такая пагроза, што для нашай бясьпекі найбольш мэтазгодна было б цалкам закрыць мяжу, мы б, не раздумваючы ні хвіліны, зрабілі гэта», — заявіў Наўседа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэме’р-міністар Літвы заявіла, што закрываць дадатковыя пункты на мяжы зь Беларусьсю пакуль ня будуць

У сярэдзіне жніўня Літва зачыніла памежныя КПП Шумск і Цверач. МУС Літвы прапаноўвае зачыніць яшчэ два памежныя пункты зь Беларусьсю — Лаварышкі і Райгорад. Аднак сёньня прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што рашэньняў аб закрыцьці дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю найбліжэйшым часам ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, Літва, Латвія і Эстонія патрабуюць ад Беларусі вывесьці «Вагнэр» і спыніць мігранцкі крызіс

28 жніўня ў Варшаве адбылася нарада міністраў унутраных справаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.Міністры краін Балтыі і Польшчы дамовіліся аб двух асноўных крытэрах, пры якіх будзе цалкам закрытая мяжа зь Беларусьсю, паведаміла кіраўніца Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Паводле яе, гэта «збройны інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краінаў, які зьяўляецца сурʼёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы», а таксама «арганізаваны масавы прарыў нелегалаў». «Калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, будзе праведзены апэратыўны абмен інфармацыяй паміж нашымі службамі, і тады будзе прынятае рашэньне на ўзроўні ўраду», — заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы.