Прэсавы сакратар Ватыкану Матэа Бруні заявіў, што папа Рымскі Францішак проста хацеў адзначыць пазытыўныя аспэкты духоўнай і культурнай гісторыі Расеі, калі ён усхваляў расейскіх імпэратараў Пятра Першага і Кацярыну Другую.
Францішак «безумоўна не хацеў праслаўляць імпэрыялістычную лёгіку або ўрадавых чыноўнікаў, якіх цытаваў для ўказаньня на пэўныя гістарычныя падзеі», — сказаў Бруні.
Афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС Алег Нікаленка назваў вельмі прыкрым факт, калі «расейскія вялікадзяржаўніцкія ідэі, якія, уласна, і зьяўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасьці Расеі, сьвядома ці несьвядома гучаць з вуснаў папы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны раскрытыкаваў Папу Рымскага за выказваньні пра «расейскую спадчыну»У МЗС Украіны адзначылі, што «менавіта такой імпэрыялістычнай прапагандай, «духоўнымі скрэпамі» і «патрэбай» у выратаваньні «вялікай Расеі-матухны» Крэмль апраўдвае забойствы тысяч украінцаў і ўкраінак і зьнішчэньне сотняў украінскіх гарадоў і сёлаў.
Украінская грэка-каталіцкая царква таксама выступіла з крытычнай заявай наконт выказваньняў папы Рымскага Францішка.
«Існуе небясьпека, што гэтыя словы могуць успрыняць як падтрымку таго нацыяналізму і імпэрыялізму, які сёньня стаў прычынай вайны ва Ўкраіне — вайны, якая штодзень прыносіць сьмерць і руйнаваньні для нашага народу», — адзначыў кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў Шаўчук.
Словы, якія выклікалі пратэст Кіева, папа прамовіў на онлайн-сустрэчы з расейскай каталіцкай моладзьдзю 25 жніўня.
«Ніколі не забывайце пра спадчыну. Вы нашчадкі вялікай Расеі: вялікай Расеі сьвятых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імпэрыі — вялікай, асьвечанай, вялікай культуры і вялікай чалавечнасьці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы нашчадкі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым», — сказаў Францішак.
У тэксьце, апублікаваным на сайце кіраўніка Ватыкану, гэтага выказваньня няма, аднак ёсьць відэа, на якім Францішак прамаўляе гэтыя словы па-італьянску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што насамрэч абмяркоўвалі спэцпасланьнік папы Рымскага і кіраўнік МЗС БеларусіПракамэнтаваў выказваньні кіраўніка Апостальскай сталіцы і былы прэзыдэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвэс. Ён назваў іх «сапраўды агіднымі».
Раней Папа заяўляў пра сваё непрыманьне вайны і фатаграфаваўся са сьцягам Украіны, які яму прывозілі ўцекачы. Ён неаднаразова заклікаў да міру.