Адзін зь беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў паведаміў аб дэтанацыі супрацьтанкавых мін на тэрыторыі Оўруцкага раёну Жытомірскай вобласьці.
Паводле апублікаванай інфармацыі, выбух адбыўся ў 3:30 на чыгуначным мосьце «за 800 мэтраў ад беларускага пункту пропуску «Славечна» (Ельскі раён Гомельскай вобласьці). Выбух адбыўся пасьля таго, як нібыта ў адну зь мін трапіла маланка.
Выбуху нібыта пашкодзіў апору моста і чыгуначныя каляіны. Сьцьвярджаюць таксама, што побач маглі знаходзіцца ўкраінскія вайскоўцы.
На гэтым участку мяжы з украінскага боку знаходзіцца лясны масіў. Раней украінскі бок паведамляў аб замінаваньні ўкраінскага памежжа праз пагрозу новага наступу Расеі з тэрыторыі Беларусі.
Свабода зьвярнулася да Яўгена Сілкіна, памочніка камандуючага Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны. «Дэтанаваньне мін у памежжы зь Беларусьсю? У мяне такіх зьвестак няма, што ў нас дэтануюць міны», — сказаў ён і прапанаваў зьвярнуцца з афіцыйным запытам.
У Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі таксама пакуль не пацьвярджаюць інфармацыі аб дэтанацыі мін.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка пацьвердзіў Свабодзе, што міны здэтанавалі «на адным кірункаў побач зь лініяй мяжы» ад маланкі. «Паводле інфармацыі, якую я маю, ніхто не пацярпеў. Асобна дадам, што на мяжы дзейнічае абмежаваньне для перамяшчэньня грамадзян, асабліва побач зь лініяй мяжы. Таму мінныя загароды на вызначаных важных для бясьпекі Ўкраіны кірунках пагражаюць выключна тым, хто хоча прыйсьці да нас з вайной», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
Сёлета ў пачатку ліпеня дэтанацыя мін адбылася на тэрыторыі Валынскай вобласьці ў памежжы зь Беларусьсю. Тады прычынай выбуху мін таксама стала навальніца. Выбух пашкодзіў адну зь мясцовых дарог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна паставіла больш назіральных пастоў на мяжы зь Беларусьсю і працягвае заміноўваць памежжа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве абароны Беларусі расказалі, колькі часу спатрэбіцца, каб разьмінаваць украінскае памежжа