Андрэй Стрыжак падзяліўся з агенцтвам BPN некаторымі вынікамі працы фонду BySol за апошнія тры гады. У прыватнасьці, ён расказаў, які сярэднегадавы аб’ём ахвяраваньняў на арганізацыю.
«У 2020 годзе BySol разам з ініцыятывай ByHelp сабралі і раздалі каля 8 млн эўра. У 2021-м і 2022-м сярэднегадавы аб’ём данатаў, сабраных BySol, знаходзіўся ў межах 1-1,5 млн эўра. Гэта прыватныя ахвяраваньні, якія найчасьцей ідуць канкрэтным людзям. За тыдзень мы атрымліваем ад 7 да 10 заявак на адрасную дапамогу, прыкладна па адной на дзень. Агульная колькасьць такіх заявак ужо перавысіла 900. Мы пачалі прымаць іх 1 красавіка 2021 году. Вядома, ухваляюцца ня ўсё. Агулам мы разьмясьцілі каля 800 аб’яў аб зборы сродкаў, і не было ніводнай з нулявым вынікам».
Была ў фонду і запазычанасьць у студзені 2021 году — парадку 250 тысяч эўра. Праз гэта BySol вымушана скасаваў прыём заявак ад звольненых з працы з палітычных прычын. За той год удалося расплаціцца з даўгамі, і затым арганізатары фонду знайшлі магчымасьць арганізаваць курсы мэнэджмэнту сацыяльных сетак і SEO-аптымізацыі сайтаў, плюс курс ангельскай мовы.
«Агулам 70 чалавек зь ліку былых палітвязьняў вучацца зараз на гэтых курсах. Плянуем навучыць мінімум 200 чалавек», — сказаў Андрэй Стрыжак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маратоне салідарнасьці для палітвязьняў сабралі больш як паўмільёна эўраЯк адзначае кіраўнік фонду, часта на дапамогу рэпрэсаваным ахвяруюць грошы такія ж самыя рэпрэсаваныя, якія ў свой час атрымалі падобную падтрымку. Але ёсьць істотная цяжкасьць — перасьлед за ахвяраваньні ў Беларусі.
«У пляне атрыманьня сродкаў у нас цяпер цалкам „адсечаны“ любыя беларускія плацежныя мэханізмы. Мы ўсюды падкрэсьліваем, каб людзі нідзе і ніколі не выкарыстоўвалі іх. Гэта не ілюзорная небясьпека. За данаты каля 20 чалавек асуджаныя альбо знаходзяцца ў чаканьні суду ці пад сьледзтвам».
За час працы фонду вывезьці зь Беларусі ўдалося больш за тысячу чалавек, якім пагражаў арышт і іншыя віды перасьледу.
Калі раней эвакуацыяй займаўся адзін супрацоўнік фонду, дык цяпер гэтым займаецца цэлая група людзей «з рознай кампэтэнцыяй», сказаў Андрэй Стрыжак.
Пад канец 2023 году фонд спадзяецца павялічыць дапамогу на палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепш у Вільню, чым у „Віцьбу“». Легендарны праваабаронца Леанід Судаленка пра тое, як выйшаў «з адной турмы ў іншую турму»Каманда BySol стварыла дабрачынную кампанію, каб дапамагчы былым палітвязьням аднавіць іх здароўе пасьля знаходжаньня ў нечалавечых умовах беларускіх турмаў і ізалятараў. Іх мэнтальны і фізычны стан моцна пацярпелі, і цяпер людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, каб паправіць сваё здароўе, паведаміў фонд, абвяшчаючы кампанію.
Усе сабраныя сродкі накіруюць на дапамогу сем’ям палітзьняволеных, якія вызваліліся і маюць патрэбу ў мэдыцынскай дапамозе.
Фонд салідарнасьці BySol
Створаны 14 жніўня 2020 году ў адказ на масавыя арышты і рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ідэя стварэньня належыць Андрэю Стрыжаку. Фонд існуе на ахвяраваньні. Донарамі фонду сталі ўжо больш за 90 тысяч чалавек з усяго сьвету.
Фонд мае некалькі кірункаў працы: падтрымка палітычных зьняволеных і іх сем’яў; неадкладная рэлякацыя зь Беларусі людзей, якім пагражае небясьпека; пэрсанальныя грашовыя зборы для людзей, якія вызваліліся з турмаў і вымушаныя выехаць; а таксама перанавучаньне тых, каго звольнілі з працы з палітычных матываў.
У сьнежні 2021 году BySol прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, на яго заснавальніка Андрэя Стрыжака заведзена некалькі крымінальных спраў. Офіс фонду месьціцца ў Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тры гады калёніі асудзілі прадпрымальніка, які пераводзіў грошы на дапамогу Ўкраіне праз фонд BySol