Урад хоча адкрыць крэдытную лінію ў «Росэксимбанке», ліміт і мэта запазычаньня невядомыя

Ілюстрацыйнае фота.

Савет міністраў ухваліў праект дамовы аб адкрыцьці крэдытнай лініі Расейскага экспартна-імпартнага банка, сьведчыць пастанова № 559 ад 24 жніўня.

У адпаведнасьці з дакумэнтам, апублікаваным 26 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, Міністэрству фінансаў даручана правесьці перамовы па праекце дамовы. Ведамства ўпаўнаважанае ўносіць у яго непрынцыповыя зьмены.

Ліміт крэдытнай лініі, а таксама мэта запазычаньня не называюцца.

У пастанове адзначана, што дзейнасьць па прыцягненьню крэдыту праводзіцца ў рамках «абзаца чацьвёртага падпункта 2.10 пункта 2 указа прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 сакавіка 2022 года № 93 «Аб дадатковых мерах па забесьпячэньні стабільнага функцыянаваньня эканомікі».

Указаны падпункт абвяшчае, што Саўмін сярод іншага мае права «заключаць з урадам і (або) банкамі Расейскай Фэдэрацыі, Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця пагадненьня аб прыцягненьні зьнешніх дзяржаўных пазык (дзяржаўных экспартных крэдытаў)».

Указ утрымлівае мноства падпунктаў «для службовага карыстаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім заводам вылучылі 600 млн даляраў з расейскага крэдыту на «імпартазамяшчэньне». Прычына — заходнія санкцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дасьць грошай беларускім заводам. У некаторых зь іх мільярдныя даўгі