На волю выйшаў палітвязень Максім Пыцель, які адбыў за кратамі амаль 3 гады па берасьцейскай справе «пудзілаў-рэек»

Максім Пыцель

Пра завяршэньне тэрміну зьняволеньня 32-гадовага палітвязьня Максіма Пыцеля паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Максіма затрымалі 15 сьнежня 2020 году па справе аб блякаваньні чыгуначных шляхоў і разьвешваньні пудзілаў у Берасьці. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве.

Эпізоды, якія ставіліся ў віну Пыцелю: вывешваньне манэкена (лялькі-пудзілы) з надпісамі «АМАП»; разьмяшчэньне на праезнай частцы дарогі і падпал трох аўтамабільных колаў.

18 траўня 2021 года Максіму прызначылі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калёніі № 3 («Віцьба»). Паводле берасьцейскай «Вясны», 26 жніўня Пыцель выйшаў на волю, цалкам адбыўшы свой тэрмін.

У зьняволеньні яго ўтрымлівалі 2 гады, 8 месяцаў і 11 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 5 гадоў калёніі. У Берасьці асудзілі 10 абвінавачаных у разьвешваньні пудзілаў і замыканьні рэек