Каля 70 беларускіх курсантаў адправяцца на навучаньне ў вышэйшыя вайсковыя навучальныя ўстановы Расеі

Курсанты інстытуту МУС у Магілёвеў форме НКВД. 2023 год. Ілюстрацыйнае фота.

Каля 70 беларускіх курсантаў неўзабаве адправяцца на навучаньне ў расейскія вышэйшыя навучальныя ўстановы ваеннага профілю.

Прэс-служба Міністэрства абароны 26 жніўня паведаміла, што такая колькасьць курсантаў узяла ўдзел ва «урачыстым рытуале прыняцьця прысягі» у Ваеннай акадэміі.

«Найбліжэйшым часам нашыя хлопцы стануць у шыхт і працягнуць навучаньне ў саюзнай дзяржаве ў інтарэсах нашай краіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адметна, што месяцам раней, 28 ліпеня, прэс-служба беларускага ваеннага ведамства абвясьціла: на падставе рашэньня міністра абароны Віктара Хрэніна «праводзіцца дадатковы набор у вайсковыя навучальныя ўстановы Міністэрства абароны РФ».

Грамадзяне, што жадалі навучацца ваеннай справе ў Расеі, па 3 жніўня маглі падаваць адпаведныя заявы ў ваенкаматы.

Канчатковы прафэсійны адбор праходзіў 4–7 жніўня ў Ваеннай акадэміі. У тыя ж дні на яе базе ў інтарэсах расейскіх вайсковых ВНУ працавала прыёмная камісія, куды абітурыенты мусілі падаць дакумэнты для паступленьня на выбраную спэцыяльнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адданыя Крамлю? Ключавыя вайскоўцы Лукашэнкі — ураджэнцы Расеі або выпускнікі расейскіх вучэльняў