Паводле нарвэскіх уладаў, у 2023 годзе 42 алені перасеклі мяжу і пасьвіліся ў запаведніку «Пасьвік» у Мурманскай вобласьці Расеі. Расея запатрабавала за гэта кампэнсацыю: па 4700 даляраў за кожнага аленя, які перайшоў мяжу, і аднаразовую выплату ў 4,4 мільёна даляраў за ўсе дні іх выпасу ў запаведніку, піша Associated Press.
40 аленяў ужо вярнуліся дадому, дзе іх забілі, каб яны больш ня пасьвіліся на расійскай тэрыторыі, сказалі ў Нарвэскім сельскагаспадарчым агенцтве. Вяртаньня астатніх двух чакаюць у хуткім часе.
Каб прадухіліць пераход аленяў на тэрыторыю Расеі, Нарвэгія аднаўляе загароду ўздоўж мяжы, якую паставілі ў 1954 годзе.
Будаўніцтва плота, працягласьцю сем кілямэтраў і коштам 348 тысяч даляраў, завершыцца толькі да кастрычніка. Працэс ускладняецца тым, што рабочыя павінны ўвесь час знаходзіцца на нарвэскай тэрыторыі, каб не перасячы мяжу з Расеяй бязь візы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэгія адмовілася ад электрастанцыі праз небясьпеку для аленяў