Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас расказаў Свабодзе аб пагрозах зь Беларусі для Літвы, меркаванай гібелі ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына і імаверным выхадзе вагнэраўцаў зь Беларусі.
— Спадар Арвідас, як вы ацэньваеце пагрозы з боку Беларусі цяпер, пасьля абвешчанай у Расеі гібелі Яўгенія Прыгожына?
— Я ацэньваю так, што сьмерць Прыгожына або жыцьцё Прыгожына ня мае вялікага значэньня для геапалітычнай сытуацыі ўвогуле ў рэгіёне. Цяперашнюю даволі складаную сытуацыю фармуе агрэсія Расеі супраць Украіны, і гэтым усё сказана. То бок, ёсьць Прыгожын, няма Прыгожына, будзе іншы прыгожыну. Гэта не мяняе сутнасьці сытуацыі. Пагрозы для Літвы існуюць і існавалі да Прыгожына і разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі. Пагрозы тыя самыя, мы іх ведаем, і Літва, у прынцыпе, рыхтавалася і рыхтуецца да адбіцьця такіх пагрозаў. Сьмерць Прыгожына істотных зьменаў ня ўносіць.
— І дыскусія, якая цяпер праходзіць у Польшчы, Латвіі і Літве аб неабходнасьці закрыцьця межаў зь Беларусьсю, застаецца ўсё яшчэ актуальнай?
— Мяркую, так. І гэта, я лічу, як сыгнал рэжыму Лукашэнкі — калі вагнэраўцаў выкарыстаюць менавіта для правакацый на мяжы, межы будуць закрытыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі актыўна дэмантуюць. Спадарожнікавы здымак— Але цяпер, якалі як мяркуецца, няма Прыгожына, няма камандаваньня ПВК «Вагнэр», і ёсьць інфармацыя аб тым, што ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі пачалі разьбіраць лягер для вагнэраўцаў. Ці вы лічыце, што згортваньне лягеру ў Беларусі можа быць маніпуляцыяй і не адпавядаць рэчаіснасьці?
— Любую інфармацыю трэба правяраць. Пакуль што дакладных зьвестак мала. Я бачыў гэтую інфармацыю. Я ведаю, што ёсьць рух вагнэраўцаў назад у Расею, ён ёсьць, то бок найміты шукаюць сабе працу. Лукашэнка іх не забясьпечыў матэрыяльна, і проста яны «здымаюцца» з гэтага месца і шукаюць, дзе сябе прымяніць за грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: гібель Прыгожына стала сыгналам для Лукашэнкі аб скарачэньні прасторы ў перамовах з КрамлёмШто важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.