Трампа фармальна арыштавалі і адпусьцілі пад заклад

Дональд Трамп каля свайго самалёта ў аэрапорце Атлянты. 24 жніўня 2023

Экс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа вызвалілі пад заклад у памеры 200 тысяч даляраў. Ён стаў першым прэзыдэнтам ЗША, якому зрабілі афіцыйнае турэмнае фота.

Дональд Трамп 24 жніўня увечары пакінуў турму ў Атлянце пасьля таго, як яму выставілі больш за дзясяць абвінавачаньняў у крымінальных злачынствах у рамках шырокамаштабнай крымінальнай справы, зьвязанай са спробамі былога прэзыдэнта адмяніць сваю паразу на выбарах 2020 году ў Джорджыі.

Трамп прызямліўся ў Атлянце каля 19:00 і прыбыў у турму прыкладна праз гадзіну. Спускаючыся па трапе свайго прыватнага самалёта, экс-прэзыдэнт ЗША, апрануты ў белую кашулю і чырвоны гальштук, памахаў рукой і падняў вялікі палец угору, піша «Голас Амэрыкі».

Працэс фармальнага арышту Трампа завершылі за 20 хвілін. У яго ўзялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі.

Былога прэзыдэнта Дональда Трампа сфатаграфавалі ў турме акругі Фултан для здымку пад арыштам. Фатаздымак апублікаваны офісам шэрыфа акругі Фултан, Атлянта, Джорджыя, 24 жніўня 2023

Супрацоўнікі турмы ўнесьлі былога прэзыдэнта ў сьпіс зьняволеных і прысвоілі яму нумар — P01135809. У дакумэнце, апублікаваным на сайце турмы акругі Фултан, гаворыцца, што рост Трамп складае 190 см, вага — 97,5 кг. Адразу пасля арышту экс-прэзыдэнта вызвалілі пад заклад у памеры 200 тысяч даляраў.

Картэж Трампа пакінуў турму прыкладна праз 20 хвілін і накіраваўся ў аэрапорт Хартсфілд-Джэксан у Атланце, дзе яго чакаў прыватны самалёт, які даставіў экс-прэзыдэнта назад у яго маёнтак у Нью-Джэрсі.

Дзясяткі прыхільнікаў, размахваючы транспарантамі зь імем Трампа і амэрыканскімі сьцягамі, сабраліся ля будынка турмы, каб вітаць былога прэзыдэнта. Сярод прысутных была кангрэсвумэн ад штата Джорджыя Марджоры Тэйлар Грын, адна з самых верных саюзьніц Трампа ў Кангрэсе.

Чакаецца, што фотаздымак Трампа пад арыштам, так званы «магшот», будзе распаўсюджвацца як яго ворагамі, так і прыхільнікамі.

«Мы хочам зьмясціць [здымак] Трамп на футболкі. Ён разыдзецца па ўсім сьвеце. Гэта будзе больш папулярны вобраз, чым Мона Ліза», — сказала 30-гадовая Лаура Лумэр, якая балятавалася ў Кангрэс ад Рэспубліканскай партыі, якая таксама прыйшла да турмы акругі Фултан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адмовіўся прызнаць віну за спробу скасаваць вынікі выбараў, яго пакінулі на волі
  • У абвінаваўчым заключэньні, абнародаваным на мінулым тыдні, 13 абвінавачаньняў. У рамках гэтай справы ў парушэньні законаў Джорджыі абвінавачваюцца яшчэ 18 чалавек, сярод якіх дарадцы і памочнікі Дональда Трампа.
  • Наступнай працэдурай у дасудовым працэсе павінна стаць зьяўленьне абвінавачаных перад судзьдзёй, дзе ім будуць фармальна выстаўлены абвінавачаньні і зададзена пытаньне, ці прызнаюць яны сябе вінаватымі. Дональд Трамп можа са згоды судзьдзі пазьбегнуць гэтай працэдуры. Калі можа пачацца судовы працэс над Трампам, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампу выставілі крымінальныя абвінавачаньні за спробу скасаваць вынікі выбараў 2020 году