Паводле СМІ, папярэдняя ацэнка амэрыканскай выведкі паказала, што прычынай авіякатастрофы, у якой меркавана загінуў кіраўнік ПВК «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын, быў наўмысна выкліканы выбух, паведамляе агенцтва Associated Press.
Адна з афіцыйных асобаў, не ўпаўнаважаная даваць камэнтары на ўмовах ананімнасьці сказала АР, што выбух адпавядае «доўгай гісторыі спробаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прымусіць замаўчаць сваіх крытыкаў». Афіцыйныя асобы пры гэтым не далі ніякіх падрабязнасьцяў аб тым, што стала прычынай выбуху, які, як лічыцца, забіў Прыгожына і некалькіх яго памочнікаў.
Белы дом адмовіўся ад камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўпаў самалёт і ці быў у ім Яўгеній Прыгожын. ВэрсііСа спасылкай на словы неназваных амэрыканскіх і заходніх афіцыйных асобаў асноўнай вэрсіяй выведкі называюць выбух таксама The New York Times і The Wall Street Journal.
The New York Times піша, што спадарожнікавая выведка ЗША не зафіксавала запускаў ракеты ў раёне месца крушэньня самалёта і няма ніякіх іншых доказаў таго, што самалёт быў зьнішчаны зэнітнай зброяй. Асноўнай вэрсіяй выведкі выданьне таксама называе выбух, спасылаючыся на амэрыканскіх і іншых заходніх афіцыйных асобаў. Паводле іх, выбух мог быць выкліканы бомбай ці іншай прыладай, закладзенай у самалёце, хаця разглядаліся і іншыя вэрсіі, напрыклад, выкарыстаньне няякаснага паліва. Канчатковых высноваў пакуль няма.
The Wall Street Journal са спасылкай на афіцыйных асобаў ЗША таксама паведамляе, што, паводле папярэдніх дадзеных выведкі, самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэра» зьнішчыла не ракета «зямля-паветра» і што Прыгожын быў забіты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны пра гібель Прыгожына: «Усе разумеюць, хто мае дачыненьне»- 23 жніўня ў Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся самалёт Еmbraer. Расавіяцыя паведаміла, што на борце самалёта, сярод іншых, знаходзіліся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК Дзьмітрый Уткін. Гібель дасюль афіцыйна не пацьверджаная. Агулам, паводле Расавіяцыі, на борце былі 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж. Камэнтароў аб прычынах падзеньня самалёта пакуль няма. Па факце крушэньня самалёта завялі крымінальную справу.
- Самалёт разьбіўся роўна праз 2 месяцы пасьля пачатку мяцяжу вагнэраўцаў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне».