Прэзыдэнт Расеі выказаў спачуваньні сем’ям усіх, хто загінуў у авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці, і сказаў, што Сьледчы камітэт РФ пачаў папярэдняе расьсьледаваньне інцыдэнту.
«Сапраўды, калі там [у самалёце, які разьбіўся. — РС] знаходзіліся — а нібыта першасныя дадзеныя кажуць пра тое, што там знаходзіліся — супрацоўнікі кампаніі „Вагнэр“, хацеў бы адзначыць, што гэта людзі, якія зрабілі істотны ўнёсак у нашу агульную справу барацьбы з нэанацысцкім рэжымам ва Ўкраіне», — сказаў Пуцін.
Наўпрост прэзыдэнт Расеі не заявіў пра гібель Яўгенія Прыгожына, якая да гэтага часу афіцыйна не пацьверджаная, але гаварыў пра яго выключна ў мінулым часе. Пуцін сказаў, што ведаў Прыгожына з 1990-х гадоў, і назваў кіраўніка ПВК «Вагнэр» «таленавітым бізнэсоўцам».
«Гэта быў чалавек складанага лёсу. І памылкі ў яго былі сурʼёзныя ў жыцьці, і дамагаўся ён вынікаў патрэбных. І для сябе, і тады, калі я прасіў яго пра гэта для агульнай справы, як вось у гэтыя апошнія месяцы», — дадаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўпаў самалёт і ці быў у ім Яўгеній Прыгожын. Вэрсіі- 23 жніўня ў Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся самалёт Еmbraer. Расавіяцыя паведаміла, што на борце самалёта, сярод іншых, знаходзіліся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК Дзьмітрый Уткін. Агулам, паводле Расавіяцыі, на борце былі 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж. Камэнтароў аб прычынах падзеньня самалёта пакуль няма. Па факце крушэньня самалёта завялі крымінальную справу.
- Самалёт разьбіўся роўна праз 2 месяцы пасьля пачатку мяцяжу вагнэраўцаў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне».