Наступствы для Беларусі ад меркаванай гібелі кіраўнікоў «Вагнэра» Яўгенія Прыгожына і Дзьмітрыя Уткіна абмяркоўваем зь беларускім і польскім экспэртамі. На сувязі з студыяй у Празе — палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі і журналіст польскага штодзёньніка «Dziennik. Gazeta Prawna», аўтар кніг пра Ўсходнюю Эўропу Міхал Патоцкі.
Глядзіце на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты размовы.
Класкоўскі: Лукашэнка можа скарыстаць гэтую сытуацыю, каб паспрабаваць трошкі зьняць напружанасьць у дачыненьнях з суседзямі
— Ці прывядзе меркаваная гібель Прыгожына да вываду наймітаў-вагнэраўцаў зь Беларусі?
Аляксандар Класкоўскі: Цяжка прагназаваць, у якія тэрміны і ці цалкам выведуць «Вагнэр» зь Беларусі. Лукашэнка і Пуцін з розных прычын зацікаўленыя «Вагнэр» дэфрагмэнтаваць. Для Пуціна гэта былыя мяцежнікі, ён не дараваў, і сьмерць Прыгожына, калі ўсё сапраўды так, пра гэта ўскосна сьведчыць. Крэмль не зацікаўлены мець такі ўдарны кулак з палітычнымі амбіцыямі. Лукашэнка хацеў, відаць, прапіярыцца ў гэтай гісторыі, выступіць ратавальнікам расейскага цара. Перагнуў трошкі з гэтым піярам. Цяпер усё болей відавочна, што Лукашэнку проста скарысталі і сьпіхнулі яму «таксычны актыў». Праз гэта рэзка пагоршыліся дачыненьні з суседнімі краінамі Эўразьвязу і NATO, тыя пагражаюць цалкам закрыць мяжу, і гэта ўдарыць па інтарэсах рэжыму. Ладзіць правакацыі пры дапамозе «Вагнэра» Крамлю было б дарэчы, але Лукашэнка ў гэтым не зацікаўлены, бо, акрамя непрыемнасьцяў, яму гэта нічым ня сьвеціць.
— На момант нашай размовы яшчэ няма рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі, практычна не рэагуюць дзяржаўныя СМІ. Што для яго азначае інфармацыя пра гібель Прыгожына, найпраўдападобней, як помста і пакараньне з боку Крамля?
Аляксандар Класкоўскі: Думаю, што Лукашэнка непрыемна гэтым уражаны, таму што гэта ілюстрацыя, што можа быць з тымі, хто ўстае на дыбкі, хто ня слухаецца Крамля. І раней у Лукашэнкі з Пуціным вялікага даверу не было. Проста яны апынуліся ў адной лодцы, мусілі дэманстраваць гумовыя ўсьмешкі перад тэлекамэрамі, а так гэта два хітрыя, хцівыя валадары. Калі ўявіць сытуацыю крызісу ў Расеі, то Лукашэнка пачне актыўна адвяслоўваць ад гэтага расейскага «Тытаніка», і Пуцін гэта выдатна разумее.
Беларускі правадыр можа скарыстаць гэтую сытуацыю, каб паспрабаваць трошкі зьняць напружанасьць у дачыненьнях з суседзямі. Іншая рэч, што тут ня ўсё ад Лукашэнкі залежыць, залежыць яшчэ ад паводзінаў Крамля. Ёсьць пытаньні пра вызваленьне палітвязьняў, якія ставіць польскі бок, і гэта вялікі бар’ер для Лукашэнкі, таму ня факт, што ён пойдзе на вялікія саступкі. І ёсьць іншы момант — унутрыпалітычнай гульні ў суседніх зь Беларусьсю краінах ЭЗ.
У Польшчы неўзабаве будуць выбары ў Сэйм, у Літве налета будуць і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары, і частка палітычных актараў хочуць зарысавацца выгадна перад электаратам, паказаць, як яны непакояцца пра бясьпеку сваіх выбаршчыкаў. Пры тым, што вагнэраўцаў у Беларусі адпачатку было ня так шмат. Іх раззброілі ў Расеі, перш чым сюды сьпіхваць. Даваць ім цяжкую зброю Лукашэнка наўрад ці зацікаўлены. Не было насамрэч такой вялікай пагрозы.
Для мяне паказальна тое, што ў Кіеве вельмі халаднакроўна рэагавалі вайскоўцы, а там людзі дасьведчаныя, іх выведка добра працуе. Яны казалі, што ў такім выглядзе гэта нам ня страшна. Натаўскія стратэгі таксама з алімпійскім спакоем камэнтавалі прысутнасьць «Вагнэра» ў Беларусі, не казалі, што гэта вялікая пагроза Паўночнаатлянтычнаму альянсу.
А ў суседніх краінах, я думаю, і дзейнічаў, і, можа, надалей дзейнічае чыньнік унутрыпалітычнай гульні. Тое, што пагражаюць закрыць межы, не абавязкова азначае, што закрыюць. Магчыма, гэта той выпадак, калі пагроза мацнейшая за выкананьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў— Што меркаваная гібель Прыгожына можа азначаць для людзей унутры Беларусі?
— Калі казаць прагматычна, нават з доляй цынізму, то гэта плюс для Беларусі, таму што ёсьць шанец, што трошкі зьменшыцца напружанасьць на межах з суседзямі — краінамі ЭЗ, хоць тут усё і няпэўна. Калі ўзяць сытуацыю ўнутры краіны, было відавочна, што беларусы натапырыліся, бо прыехалі вельмі спэцыфічныя госьці з кепскай рэпутацыяй. Калі тысячы мужыкоў, якія прывыклі сілай і гвалтам вырашаць усе жыцьцёвыя пытаньні, сядзяць бяз справы ў гэтых намётах, то рана ці позна гэта магло б перарасьці ў нейкія канфлікты зь мясцовым насельніцтвам, нават, магчыма, з праваахоўнымі органамі. Таму большасьць беларускай цывільнай і вайсковай публікі ўздыхне з палёгкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі актыўна дэмантуюць. Спадарожнікавы здымакМіхал Патоцкі:. У Лукашэнкі, Прыгожына і Крамля розныя мэты былі
— У якім кантэксьце цяпер у Польшчы абмяркоўваюць меркаваную гібель Прыгожына?
Міхал Патоцкі: Гэта тэма нумар адзін у Польшчы ад учора. Перадусім абмяркоўваецца яна з пункту гледжаньня ўплыву на Расею, таго, што будзе з групай «Вагнэра» пасьля імавернай сьмерці Прыгожына, а таксама з пункту гледжаньня прысутнасьці вагнэраўцаў у Беларусі. Пагроза з боку наймітаў у Беларусі да сёньняшняга дня была адной з галоўных тэмаў перадвыбарчай кампаніі ў Польшчы, якая ўжо вядзецца. Вельмі цікава будзе глядзець на тое, што застанецца ад вагнэраўцаў у Беларусі, бо гэта беспасярэдне ўплывае на пачуцьцё бясьпекі польскіх палітыкаў і польскага грамадзтва.
— Ці здыме магчымая перадысьлякацыя вагнэраўцаў напружаньне вакол закрыцьця межаў?
Міхал Патоцкі: Патэнцыйна можа зьнізіць. Я ўвогуле ня думаю, што нават бязь сьмерці Прыгожына ўрады Польшчы, Літвы і Латвіі вырашылі б ужо сёньня закрыць мяжу зь Беларусьсю. Яны б дайшлі да рашэньня, як гэта зрабіць, калі будзе такая патрэба, калі будуць новыя правакацыі на мяжы з боку Беларусі як дзяржавы ці з боку наймітаў Вагнэра.
Калі зьявілася навіна, што вагнэраўцы прыяжджаюць у Беларусь, што яны будуць трэніраваць беларускае войска, калі Лукашэнка пачаў казаць, што вагнэраўцы думаюць пра экскурсіі ў Варшаву і Жэшаў, калі беларускія і расейскія прапагандысты сталі казаць, што вагнэраўцы прыехалі для таго, каб рыхтавацца да магчымай атакі на Сувалкі ці іншыя польскія гарады, тады польскія палітыкі і польская ўлада пачалі рыхтавацца да магчымых правакацый.
Калі вагнэраўцы цяпер выедуць у Расею, то, магчыма, будзе нейкі шлях да зьніжэньня гэтага напружаньня. Але ня факт, што так здарыцца, бо відавочна, што Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй для таго, каб рабіць высокім узровень напружаньня ў Польшчы. Асабліва на фоне парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць 15 кастрычніка. Я думаю, што невыпадкова расейскія і беларускія ўлады пачалі больш гаварыць пра Польшчу якраз на фоне гэтых выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тое, як ухілілі Прыгожына, падобна да ліквідацыі Гітлерам кіраўніка штурмавікоў СА Рома. Камэнтар Вадзіма Дубнова— Я хацела запытацца пра матывацыю польскага боку аб магчымым закрыцьці межаў зь Беларусьсю. Ці была асноўным аргумэнтам пагроза дывэрсій з боку вагнэраўцаў зь Беларусі? Наколькі важкімі былі іншыя прычыны — паток мігрантаў, справа Пачобута?
Міхал Патоцкі: Усё разам. Польскія ўлады пачалі абмяжоўваць памежны рух яшчэ ў 2021 годзе, калі пачаўся мігранцкі крызіс на мяжы. Калі ўлады Беларусі прысудзілі Анджэю Пачобуту вялікі тэрмін, тады зачыніліся яшчэ дадатковыя памежныя пераходы. Цяпер ідзе размова пра закрыцьцё ўсіх пераходаў, і каб да гэтага далучыліся Літва і Латвія. Я думаю, што такое рашэньне пакуль ня будуць прымаць, пачакаюць. Такі крок зробяць, калі ўлады Беларусі пачнуць яшчэ больш правакаваць, рабіць яшчэ больш інцыдэнтаў на мяжы.
— Як вы мяркуеце, якая была асноўная мэта прыходу наймітаў «Вагнэра» ў Беларусь, і ці зьмянілася яна пасьля меркаванай гібелі Прыгожына?
Міхал Патоцкі: Залежыць ад таго, пра чые мэты мы гаворым. У Лукашэнкі, Прыгожына і Крамля розныя мэты былі. Для Крамля гэта была магчымасьць зьнізіць узровень канфлікту паміж Прыгожыным і Крамлём, заняць нечым вагнэраўцаў, якія не хацелі ўступаць у расейскае войска, як ім прапанавалі.
Гэта была магчымасьць беларускаму войску падвысіць узровень гатоўнасьці, бо беларускае войска ніколі ня ўдзельнічала ня толькі ў войнах, а нават у міратворчых апэрацыях. У яго няма ніякага досьведу працы ў нямірных умовах. Вагнэраўцы меліся дапамагчы Лукашэнку ў гэтай задачы. Але яны мелі і іншую мэту — правакаваць інцыдэнты з Польшчай і Літвой.
Магчыма, яны мелі задачу забясьпечыць унутраную бясьпеку рэжыму Беларусі, і таксама пагражаць Украіне, каб частка войска Ўкраіны, якая бароніць мяжу зь Беларусьсю, не магла падключыцца да барацьбы з расейскімі акупантамі.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.